У клуб "Віцебск" пераходзіць хакеіст, які правёў амаль 500 матчаў у НХЛ
Гаворка ідзе пра расійскага абаронцу Андрэя Зюзіна. Зараз хакеіст выступае за белацаркоўскі "Белы Барс", які гуляе ў чэмпіянаце Украіны.
Пра пераход Зюзіна ў "Віцебск" паведамляе Belarushockey.com са спасылкай на крыніцу, набліжаную да клуба. Цяпер вырашаюцца дробныя пытанні з пераездам гульца, і неўзабаве спартовец прыбудзе ў "Віцебск".
Андрэй Зюзін вядомы сваімі выступамі ў Паўночнай Амерыцы за "Сан-Хасэ, "Тампу-Бэй", "Нью-Джэрсі", "Мінесоту", "Калагры" і "Чыкага". Агулам у НХЛ абаронца правёў 496 матчаў і набраў 120 балаў (38+82).
У Расіі Зюзін выступаў за "Салават Юлаеў", піцерскі СКА і "Атлант". У КХЛ гулец правёў 117 сустрэч і набраў 33 (12+21) балы.
У гэтым сезоне Зюзін не згуляў ніводнай сустрэчы, паспеўшы змяніць казахстанскі ХК "Алматы" на ўкраінскі "Белы Барс".
Дарэчы, нядаўна паведамлялася, што віцебскі клуб перажывае фінансавыя цяжкасці.
Фота — catarious.livejournal.com