У лідэрах продажу мінулагоднія музычныя альбомы?

Беларускіх рокераў выцягваюць “Ляпісы” і “J:морс”, а рэйтынгі папсе ствараюць Аня Шаркунова, «Тяни-Толкай» ды... Лявон Вольскі з куплетамі і прыпевамі. Еўрарадыё прыгадала, як год таму рокеры пабілі 75% “фарматнай музыкі” - амаль усе мастадонты рока выдалі альбомы і тыя прадаваліся лепш за папсовыя. А ці ўзяла папса рэванш у гэтым годзе, бо рокеры, на першы погляд, больш спявалі на дазволеных канцэртах, чым запісвалі новыя альбомы?

Як не дзіўна, сярод лідараў гэтага году будуць плыткі выдадзеныя ў мінулым (“J:морс” “Адлегласць”, “Ляпис Трубецкой “Капитал”) і нават пазамінулым годзе (“Тяни-Толкай” “Как же долго я тебя искал”).

Па меркаваннях музычнага эксперта Змітра Безкаравайнага ў гэтым годзе суадносіны паміж рокам і пап-музыкай будуць больш роўныя.

— Год пасля мегаактыўнага леташняга ціхі, - гаворыць музычны эксперт Зміцер Безкаравайны. — Сярод насамрэч новых дыскаў 2008 года, і якія добра прадаюцца, можна адзначыць альбомы Сярогі і Ані Шаркуновай. То бок рынак гэтага года спакойны, без сенсацый. Больш “лідэрскія” пазіцыі маглі быць у “Маніфеста”, калі б той не быў выкладзены ў інтэрнэт. Продажы гэта значна панізіла”.

Па словах эксперта, новы альбом ад “N.R.M.”, “Нейра Дзюбеля” ці “Крамы” меў бы добрыя шанцы апынуцца ў лідэрах продажу

Зміцер Безкаравайны: “Я не думаю, што яны зараз не выдалі альбомаў, таму што кінуліся граць канцэрты. Проста ўсім “монстрам” ужо не 25 гадоў і гэта нармальна, што яны бяруць пэўныя перапынкі перад выданнем новага альбома”.

Музычнага аглядальніка Змітра Падбярэзскага ніхто з папулярных выканаўцаў не ўразіў. Хаця ад некага гэтага чакалася.

Зміцер Падбярэзскі: “Наша бяда ў тым, што самі выканаўцы змушаныя пісаць песні. Гэта не іх справа! Яны атрымоўваюцца аднолькавымі, нецікавымі і зануднымі. Такое ўдалае спалучэнне рэдка бывае нават у сусветнай поп-музыцы. Нядаўна пісаў рэцэнзію на дыск Георгія Калдуна. Шчыра кажучы, чакаў большага. Бо слухаў яго і ў рокавым выкананні, калі ён каверы спяваў. А тут нейкі занудны дыск атрымаўся”.

А вось музычны крытык Алег Клімаў лічыць, што поп-выканаўцы выпусцілі значна больш альбомаў за рокераў. І калі не якаснасцю, то масавасцю здольны скласці канкурэнцыю.

Алег Клімаў: “У поп-зорак у 2008 годзе былі запамінальныя хаця б на год альбомы. Таму думаю, што лічбы продажу пласцінак у поп-зорак будуць нават параўнальнымі з сярэднім узроўнем у рок-музыкантаў”.

Толькі ў адным думкі музычных экспертаў супалі: такім “монстрам” беларускага рока, як “N.R.M.”, “Нейра Дзюбель” і “Крама” была патрэбна паўза.

Тым часам “маладняку” быў дадзены шанец заявіць пра сябе.

Алег Клімаў:
“Не ўсім жа быць “Ляпісамі” і выпускаць цудоўныя альбомы два гады запар! Я яшчэ год таму казаў, што “генералам” беларускага рока патрэбны перапынак. “Другі” легіён рокераў мяне парадаваў. Каму было што сказаць, скарысталіся гэтай магчымасцю - выдалі па альбоме. Да прыкладу, “Без білета”, “IQ 48”, “Litesound” і “Детидетей”.

Зміцер Падбярэзскі толькі дадае, што беларускія “генералы” не настолькі багатыя людзі, каб выпускаць кожны год па альбоме.

Зміцер Падбярэзскі: “Тым больш, практыка паказвае, што гэтыя альбомы калі і прыносяць грошы, іх недастаткова, каб забяспечыць дзейнасць каманды. Такія рэаліі. Ды і зусім не варта кожны год чакаць выбуховых рэлізаў”.

Нарэшце, ужо можна прагназаваць, якія альбомы будуць самымі прадаваемымі ў гэтым годзе. Па словах супрацоўніка кампаніі “West records” Кастуся Калеснікава, з лідэрамі у нас усё зразумела:

“У гурта J:Mors добра прадаюцца як выдадзеныя раней плыты, так і апошні альбом “Адлегласць”. Карыстаецца попытам “Без білета”, а з выхадам зборніка “Настоящая любовь”, дзе яны перапісалі ўсе песні, пачаў прадавацца яшчэ лепш. Нядрэнна прадаюцца новыя пазіцыі: “The Stokes”, “IQ 48”, Вайцюшкевіч. У поп-музыцы – гэта Шаркунова, яшчэ Патліс і Дарафеева. Ужо другі год добра прадаецца альбом гурта “Тяни-Толкай”. Вось Хлястоў здаў пазіцыі пад канец года. Умоўна можна казаць, што рэйтынгі поп-альбомам узняў і Лявон Вольскі са сваімі “Куплетамі і прыпевамі”.

Магчымымі лідэрамі ў 2008 годзе лічацца:

 Рок-музыкі Поп-зоркі
J:Mors “Адлегласць”

Без білета “Настоящая любовь”

Ляпіс Трубецкой “Маніфест”

The Stokes “Не замерзай”

Детидетей “Отлично”

Зміцер Вайцюшкевіч “Лірыка”

Аня Шаркунова “Сердце красавицы”

Лявон Вольскі “Куплеты і прыпевы”

Нестандартны варыянт “Еле слышно”

Ірына Дарафеева “Девушка на берегу”

Аляксей Хлястоў “Потому что я люблю”

Тяни-Толкай “Как же долго я тебя искал”


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі