У Магілёве "3 ліпеня" пераблыталі з Днём яднання і павесілі расійскі сцяг

Адразу ў двух беларускіх гарадах на Дзень незалежнасці вывесілі расійскі трыкалор побач з афіцыйным беларускім чырвона-зялёным сцягам.


Як высвятляецца, на Магілёўскім прадпрыемстве "Вяснянка" сцяг з'явіўся памылкова. Пераблыталі святы.


"Мы б наогул гэтага не заўважылі, каб вы не звярнуліся", ― адразу ж на прадпрыемстве і абяцаюць высветліць, хто так памыліўся і ці памыліўся наогул.


"Супрацоўнік пераблытаў другі сцяг. На Дзень незалежнасці мы вывешваем два беларускія сцягі, а на Дзень яднання народаў — расійскі і беларускі. Быў выхадны дзень, і гэты адзіны чалавек, які быў на працы, памыліўся. У нас такіх казусаў яшчэ не было", ― адказваюць на прадпрыемстве "Вяснянка" пасля мініправеркі.


Другі расійскі сцяг з'яўляецца на будынку райвыканкама ў Салігорску. Але тут ніхто не памыляўся: вывесілі адмыслова да прыезду расійскай дэлегацыі.


"У нас былі дзве дэлегацыі з Расіі, мы заўжды на Дзень незалежнасці запрашаем гасцей з гарадоў-пабрацімаў. Вось, прыехалі да нас з Уваскрасенскага раёна і Калінінградскага раёна Расіі", ― тлумачаць у райвыканкаме.


І скардзяцца, што з нагоды расійскіх сцягоў да іх звяртаюцца ўвесь час.


"У нас часта тэлефануюць, кажуць, расійскі сцяг на машыне. Высвятляем пасля, аказваецца расіянін прыехаў. Каб я паехаў у Расію, таксама быў бы з беларускім сцягам на машыне", ― здзіўляецца пільнасці мясцовы ідэолаг.


Пры гэтым шмат выпадкаў, калі расійскія сцягі проста раздаюць ці прадаюць на трасах і ў цэнтры Мінска, Віцебска, Магілёва. Звычайна такімі сцягамі гандлююць глуханямыя.

Фота: savaboda.org і Іван Шыла

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі