У Магілёве не стануць будаваць шматпавярховік на месцы школьнага стадыёна
Магілёўскія ўлады адмовіліся ад ідэі пабудаваць дзесяціпавярховы жылы дом на месцы спартыўнага стадыёна каля сярэдняй школы №35. Пра гэта агенцтву БЕЛТА заявіў начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама Уладзімір Скачак.
У генплане горада тэрыторыя стадыёна пазначаная як месца для магчымага будаўніцтва шматпавярховага жытла. Таму ўпраўленне капітальнага будаўніцтва (УКБ) гарвыканкама пазначыла ў сваім плане, што на гэтым месцы пабудуюць шматпавярховік. А побач у якасці кампенсацыі планавалася стварыць сучасную спартыўную пляцоўку.
Але падчас грамадскага абмеркавання гэтага праекта супраць яго выказалася мноства мясцовых жыхароў. Яны заявілі, што стадыён запатрабаваны: тут актыўна займаюцца фізкультурай і спортам як іх дзеці, так і яны самі. Мясцовыя жыхары нават стварылі ініцыятыўную групу і сталі звяртацца ў розныя інстанцыі, абараняючы стадыён. Па словах чыноўнікаў, жыхары не разабраліся, што з імі толькі раяцца наконт магчымага будаўніцтва, бо УКБ гарвыканкама нават не пачынала распрацоўваць праектную дакументацыю. З просьбай захаваць стадыён магілёўцы звярнуліся нават у БЕЛТА падчас акцыі "Ваша пытанне прэзідэнту".
Пасля гэтага Уладзімір Скачак заявіў, што ад ідэі пабудаваць дом на месцы стадыёна адмовіліся. Цяпер разглядаецца пытанне мадэрнізацыі стадыёна. "Гэты праект таксама абмяркуюць з гараджанамі", — запэўніў чыноўнік.