У Малдове прадухілілі стварэнне сепаратыстамі "Бесарабскай рэспублікі"
Праваахоўныя органы Малдовы затрымалі 13 чалавек па абвінавачанні ў тэрарызме і спробе змены дзяржаўнага ладу. Як паведаміў намеснік кіраўніка Генеральнага інспектарата паліцыі Малдовы Георге Каўкалюк, падчас вобшукаў у затрыманых знайшлі ваенную форму, вялікую колькасць зброі і боепрыпасаў, балоны са слезацечным газам, а таксама тапаграфічныя карты малдаўскай сталіцы — Кішынёва і горада Бельцы. На картах былі абведзеныя важныя дзяржаўныя ўстановы, якія яны планавалі захапіць.
Па яго словах, першапачаткова члены групоўкі планавалі захапіць ваенную частку ў горадзе Бельцы і мясцовую турму. Затым яны мелі захапіць офісы буйных прыватных кампаній, каб забяспечыць сябе фінансава. Наступным пунктам плана быў захоп кватэр, дзе жылі паліцэйскія і прадстаўнікі іншых праваахоўных органаў.
Каўкалюк адзначыў, што двое падазраваных — грамадзяне Расіі, а двое — жыхары Данецкай вобласці. Усе яны часта наведвалі Прыднястроўскі рэгіён Малдовы і Данбас. Напярэдадні праваахоўнікі Малдовы абясшкодзілі крымінальную групоўку, якая планавала стварыць “Бесарабскую рэспубліку” — аналаг праекта “Наваросія”.
Калі віну затрыманых дакажуць, ім пагражае пажыццёвае зняволенне, піша Укринформ.