У мінскім Чырвоным касцёле пройдзе імша ў памяць ахвяраў Галадамору
У мінскім касцёле Святых Сымона і Алены 27 лістапада адбудзецца набажэнства памяці ахвяр Галадамору 1932—1933 гадоў ва Украіне. Як паведамляе БелаПАН, імша пачнецца ў 17 гадзін. Набажэнства пройдзе па просьбе прадстаўнікоў украінскай амбасады ў Беларусі. Па словах ксяндза-пробашча Чырвонага касцёла Уладзіслава Завальнюка, штогод у апошнюю суботу лістапада ва Ўкраіне, а таксама ва ўкраінскай дыяспары па ўсім свеце ў памяць пра ахвяр Галадамору ладзяцца набажэнствы, выставы і канферэнцыі. Іх удзельнікі выказваюць спачуванні народу Ўкраіны ў сувязі з наступствамі штучнага голаду і просяць Бога не дапусціць паўтору гэтай трагедыі.
Як адзначыў ксёндз Уладзіслаў, на імшу, у якой прымуць удзел украінскія дыпламаты, запрашаюцца прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў і розных рэлігійных канфесій.
Як адзначыў ксёндз Уладзіслаў, на імшу, у якой прымуць удзел украінскія дыпламаты, запрашаюцца прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў і розных рэлігійных канфесій.