У Мінску адбылося адкрыццё галерэі “Ў” (фотарэпартаж)

Сёння першы дзень працы галерэі сучаснага мастацтва “Ў”. Учора ў самым цэнтры Мінска адбылося яе адкрыццё, на якое быў запрошаны ўвесь беларускі бамонд. Людзі ўваходзілі выключна па запрашэннях. Але нават нягледзячы на гэта, галерэя ледзь-ледзь змясціла ўсіх жадаючых. У сваёй прамове дырэктар галерэі Кацярына Шатэрнік паабяцала, што ў гэтым месцы для творчых людзей не будзе ніякіх табу:

“Гэта месца ўнікальнае. Мы хочам, каб кожны для сябе тут мог адкрыць частку чагосьці цікавага, каб вам тут было цёпла і ўтульна. Апроч галерэі і выставачнай залі ў хуткім часе тут адкрыецца кавярня, кнігарня беларускай сучаснай літаратуры. І мы хочам, каб гэта месца было пляцоўкай для правядзення культурных мерапрыемстваў. Для таго, каб тут людзі адкрывалі сябе, дыскутавалі, каб яны сустракаліся, рыхтавалі і рэалізавалі цікавыя праекты. Каб людзям творчым і людзям мыслячым ніколі і нічога тут не забаранялася і не было ніякіх табу”.

Па словах арганізатараў адна з галоўных мэтаў галерэі — аб’яднаць розныя культурныя пласты Беларусі. На адкрыцці, прынамсі, гэта атрымалася на ўсе 100%. Тут былі заўважаны і вядомы беларускі мадэльер Іван Айплатаў, і дырэктар нацыянальнай школы прыгажосці Вольга Сярэжнікава. Таксама на адкрыццё прыйшлі фотамастак Алена Адымчык, філосаф Валянцін Акудовіч, культуролаг Максім Жбанкоў. Галерэя “Ў” сабрала разам бізнесменаў, журналістаў, рэкламшчыкаў, палітолагаў, пісьменнікаў і музыкаў.

У вечар адкрыцця на тэрыторыі кнігарні адбыліся чытанні беларускіх паэтаў. Сама ж галерэя адчынілася праектам Сяргея Кірушчанкі, адным з самых яскравых мастакоў Беларусі. Яна будзе працаваць да 27 кастрычніка.

Галерэя “Ў” знаходзіцца на праспекце Незалежнасці, 37а, непадалёк ад плошчы Перамогі.

]














Адразу ля ўваходу гасцей запрашаў папарыць ногі ў ванне паэт.


Непасрэдна ў самім памяшканні адкрылася выстава Сяргея Кірушчанкі "Earth Art", там жа было шмат выступленняў беларускага андэграўнда, які нарэшце атрымаў пляцоўку для сваёй творчасці.










Прыбіральня, у якой дазваляецца размалёўваць сцены


Фота: Таранціна і Валянціна Груздава

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі