У Мінску судзяць Паўла Пракаповіча за акцыю памяці Завадскага (фота)
Сябра аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" быў затрыманы 7 ліпеня.
Павел Пракаповіч а 18-й гадзіне ў нядзелю на плошчы Якуба Коласа паставіў партрэт Дзмітрыя Завадскага і запаліў ля яго свечкі. У гэты момант з метро выйшлі міліцыянты, якія затрымалі Паўла. Акцыя праходзіла ў межах кампаніі "Мы не забудзем!" і была прысвечаная 13-й гадавіне знікнення журналіста, паведамляе прэс-служба БХД.
Судзяць Пракаповіча ў судзе Савецкага раёна.
Нагадаем, тэлеаператар, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Дзмітрый Завадскі бясследна знік у Беларусі 7 ліпеня 2000 года. Яму было 27 гадоў. У 1994-1997 гадах Завадскі працаваў аператарам у пуле Аляксандра Лукашэнкі. Са студзеня 1997-га ён перайшоў на Грамадскае расійскае тэлебачанне, супрацоўнічаў з Паўлам Шараметам.
У 2002 годзе Мінскі абласны суд прызнаў вінаватай у выкраданні Завадскага групу былога байца спецпадраздзялення МУС "Алмаз" Валерыя Ігнатовіча. Два ўдзельнікі гэтай групы, у тым ліку сам Ігнатовіч, прыгавораны да пажыццёвага зняволення. Аднак цела Дзмітрыя Завадскага дагэтуль не знойдзена.
Фота — bchd.info