У Мінску гвалтаўніка вылічылі паводле генома
Пракуратура Заводскага раёна Мінска 19 чэрвеня санкцыявала ўзяццё пад варту 32-гадовага жыхара сталіцы.
Яго вінавацяць у згвалтаванні, учыненым 27 снежня 2010 года. Ахвярай стала 24-гадовая замужняя мінчанка.
Як паведамляе БелаПАН, злачынец напаў на яе ў двары. Ён не толькі пагражаў ёй нажом, але і сур'ёзна парэзаў кісці рук, пасля чаго згвалтаваў бездапаможную жанчыну. На следстве яна прызналася, што не магла супраціўляцца, бо адымаліся рукі.
Тры з паловай гады таму раскрыць злачынства не ўдалося. Але тады правялі ўсе неабходныя следчыя дзеянні, зрабілі ўсе неабходныя экспертызы.
Выявіць асобу злачынца ўдалося з дапамогай генома. Па словах пракурорскіх работнікаў, у 2013 годзе абвінавачаны быў упершыню судзімы за рабаванне і хуліганства, таму яго геном трапіў у базу даных. Цяпер мужчына сваю віну прызнае, а вось растлумачыць учынак не можа. У абвінавачанага жонка і трое дзяцей.
Фота — usiter.com