У Мінску невядомыя напалі на мастака Міхаіла Карпука

Невядомыя збілі беларускага мастака Міхаіла Карпука, які 5 сакавіка адзначыў 80-годдзе. У інтэрв'ю БелаПАН мастак паведаміў, што напад адбыўся ўдзень 13 сакавіка ў Траецкім прадмесці сталіцы, дзе больш як 20 гадоў знаходзіцца майстэрня мастака. Карпук пакінуў майстэрню і накіроўваўся ў Музей гісторыі беларускага кіно на сустрэчу з наведвальнікамі персанальнай выставы, прысвечанай яго 80-годдзю. Па дарозе зайшоў у аптэку, купіў неабходныя лекі, а пры выхадзе з аптэкі яго стукнулі. Ачуняў творца ў сваёй майстэрні, калі прыбыла брыгада хуткай медыцынскай дапамогі. Ён лічыць, што ў майстэрню яго занеслі і выклікалі лекараў суседзі.

Пасля абследавання ў лякарні Карпука адпусцілі дадому. Па словах мастака, пачуваецца ён добра, толькі твар "рамаляваны" сінякамі і ранкамі. У міліцыю ён не звяртаўся, бо лічыць гэта бясплённым. Здарэнне Карпук звязвае са сваім 25-гадовым удзелам у Мінскім гарадскім культурна-асветніцкім клубе "Спадчына". Гэты клуб аб'ядноўвае людзей, якія прытрымліваюцца нацыянальна-дэмакратычных поглядаў.

Збіванне Карпука — першы за апошнія гады выпадак нападу на вядомага дзеяча беларускай культуры. Раней былі збітыя каля 10 чалавек, у тым ліку кінарэжысёр Юры Хашчавацкі, журналіст Леанід Міндлін, тэатральны рэжысёр Валер Мазынскі, доктар філалагічных навук пісьменнік Адам Мальдзіс, акадэмік Радзім Гарэцкі, гісторык і журналіст Аляксей Кароль.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі