У Мінску паставяць "інтэлектуальныя святлафоры" і электратабло на прыпынках

Зрабіць сталічныя вуліцы разумнымі, навучыць святлафоры самастойна і больш зручна рэгуляваць працу на скрыжаваннях улады Мінску хочуць за кітайскія грошы. Пра гэта расказаў мэр сталіцы Мікалай Ладуцька. Ладуцька: “Зараз нашыя калегі знаходзяцца ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, дзе працягваюць перамовы, у тым ліку ў кітайскіх банках, па фармаванні ўмоў па прыцягненні грашовых сродкаў для рэалізацыі комплекснай праграмы “Інтэлектуальная транспартная сістэма горада Мінску”. Гэта шматпланавая сістэма, якая ўключае ў сябе аргшанізацыю працы перакрыжаванняў, святлафораў. Датчыкі будуць на вуліцах фармаваць транспартныя плыні, будуць вырашаць, колькі той ці іншы святлафор павінен працаваць. Каб павялічыць прапускную здольнасць перакрыжаванняў”.

Гэта дазволіць, кажа Ладуцька, павысіць эфектыўнасць выкарыстання дарожнага пакрыцця на 20-25%. Такім чынам, рамантаваць асфальт давядзецца радзей і меньш грошай на гэта спатрэбіцца.

Прадуглежвае гэтая сістэма і ўсталяванне на прыпынках грамадскага транспарту электронных табло, якія паведамяць, праз колькі хвілін прыйдзе неабходны вам аўтобус.

Ладуцька: “На прыпынках грамадскага транспарту будзе не проста шыльда з раскладам руху аўтобусаў, а будуць электронныя табло. І мы будзем бачыць, што аўтобус, да прыкладу, №18 прыйдзе праз 5 хвілін. Калі будуць нейкія перашкоды на дарозе, то пакажа, што прыйдзе праз 7 хвілін”.

Інтэлектуальная транпартная сістэма сталіцы павінна запрацаваць да канца 2013 года. А яшчэ мэр папярэдзіў, што ўлады будуць выступаць за тое, каб на ўсіх вуліцах сталіцы вялася відэафіксацыя хуткасці аўтатранспарту.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі