У Мінску прадалі ўчастак з больш як 30 прыватнымі дамамі
У Мінску працягваецца забудова мікрараёна Грушаўка. Як піша onliner.by, 19 жніўня на аўкцыёне быў прададзены буйны ўчастак з прыватнымі дамамі, дзе ўсё яшчэ жывуць людзі. Замест старых драўляных пабудоваў і новых катэджаў тут павінен з'явіцца шматпавярховы жылы комплекс. Праўда, перад гэтым забудоўшчык павінен будзе выплаціць мясцовым жыхарам кампенсацыю за знос.
Гаворка ідзе пра ўчастак плошчай 6,6 га ў межах вуліцы Грушаўская — 1-ы Чыгуначны завулак — вуліца Разінская — Разінскі завулак — Зенітны завулак.
У Мінскім гарадскім цэнтры нерухомасці кажуць, што на гэты ўчастак была пададзеная толькі адна заяўка. На працягу 10 дзён заяўнік павінен аплаціць лот, выстаўлены на аўкцыён. Паведамляецца, што ўчастак абыйдзецца забудоўшчыку прыкладна ў 1 млн 600 тысяч долараў. Прыблізная сума кампенсацыйных выплат жыхарам раёна — амаль удвая большая: трошку больш за 3 мільёны долараў. Праўда, калі жыхары не захочуць пераязджаць, забудоўшчыка чакаюць яшчэ і судовыя выдаткі.