У Мінску прайшоў афіцыйны "Дзень вышыванкі" (відэа)

У Мінску прайшоў афіцыйны "Дзень вышыванкі" (відэа)

2 ліпеня ў цэнтры Мінску адбылося маштабае свята пад назвай "Дзень вышыванкі". Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Мінгарвыканкам і Міністэрства культуры.

Як перадае БелаПАН, свята ладзілася на адкрытай пляцоўцы каля Палаца спорту. Пляцоўка была перакрытая металічнымі агароджамі. Трапіць усярэдзіну можна толькі пасля працэдуры дагляду. Каля кожнага пункта пропуску былі ўсталяваныя невялікія відэакамеры, якія здымалі ўсіх, хто праходзіў на пляцоўку.

На самой пляцоўцы працавала мноства павільёнаў з ежай і напоямі, выстава-кірмаш вырабаў майстроў народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Таксама тут адбываліся майстар-класы рамеснікаў.

Ад скрыжавання праспекта Пераможцаў і вуліцы Нямігі прайшоў невялікі парад "Пад сцягам у вышыванках". У калоне ішлі прадстаўнікі творчых калектываў, артысты і іншыя дзеячы культуры з Мінска і рэгіёнаў Беларусі. Амаль усе ўдзельнікі шэсця былі апранутыя ў традыцыйныя касцюмы і стылізацыі пад іх. Яны неслі сцягі сваіх абласцей і раёнаў.

На галоўнай сцэне свята выступаюць творчыя калектывы і эстрадныя выканаўцы з усёй краіны. Свята працягнецца да позняга вечара. Завершыцца свята фолк-дыскатэкай і бітвай дыджэяў з усёй Беларусі.

Плануецца, што гарадское свята "Дзень вышыванкі" стане ў Мінску традыцыйным мерапрыемствам напярэдадні Дня Незалежнасці.

Як вядома, улады адмовіліся ад прапановы "Арт Сядзібы" зладзіць Дзень вышыванкі разам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі