У Мінску ўшанавалі памяць Уладзіміра Святлова, аўтара “Незабыўнага”

У Мінску прайшла вечарына памяці былога вязня ГУЛАГу, рэжысёра кіно і тэлебачання, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзіміра Святлова, які пайшоў з жыцця сёлета 17 верасня. Вечар памяці адбыўся якраз на яго саракавіны. Уладзімір Святлоў нарадзіўся ў 1926 годзе ў вёсцы Крупкі Крупскага раёну Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1932 годзе пераехаў у Мінск і вучыўся маляванню. Пасля вайны быў неабгрунтавана рэпрэсаваны і асуджаны на 10 год папраўча-працоўных лагераў.

Пасля вярнуўся, скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут і працаваў рэжысёрам на БТ, аднак у часе “пражскай вясны” 1968 года яго звольнілі. У 1971 годзе Ўладзімір Святлоў дамогся рэабілітацыі і стаў працаваць на “Беларусьфільме”. Разам з Мікалаем Калініным ён зняў вядомыя фільмы “Корцік” і “Бронзавая птушка”.

У 2006 годзе выйшла кніга апавяданняў Святлова “Незабыўнае”. У ёй аўтар апавёў пра жыццё ў галодным даваенным Мінску, пра ахвяраў калектывізацыі, пра пошук “ворагаў народу”, пра нацысцкую акупацыю сталіцы і трагедыю Мінскага гета, пра свой нечаканы арышт і катаванні ў ГУЛАГу, пра першае каханне і вяртанне дадому, паведамляе БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі