У Мінску завяршаецца выстава арыгінальных працаў Рэмбранта

У Мінску завяршаецца выстава арыгінальных працаў Рэмбранта

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі завяршае сваю працу экспазіцыя працаў Рэмбранта ван Рэйна, галандскага майстра барокавага жывапісу. Цягам двух месяцаў наведнікі музею маглі пабачыць 69 рэдкіх гравюраў.  Усе працы — арыгінальныя.

Творы 1630-1665 гадоў дэманструюць майстэрства і талент мастака рэтраспектыўна і ва ўсёй жанравай паўнаце. Водціскі паходзяць з прыватнай калекцыі, якой зайздросцяць найлепшыя музеі свету. Афорты вельмі розныя па сваіх памерах — ад некалькіх сантыметраў (“Галава мужчыны, які крычыць” — 32х29 мм) да некалькіх дзясяткаў сантыментаў (“Хрыстос перад Пілатам” — 547х447 мм).

Калекцыя збіралася цягам сарака год і ў ёй адчуваецца густ і любоў да мастацтва яе ўладальніка. Прадстаўлены збор з’яўляецца адным з найбольш каштоўных у Еўропе.

Найлепшыя сусветныя эксперты Інстытуту Сотбіс пацвярджаюць аўтэнтычнасць эстампаў. Цягам трох дзясяткаў год гравюры Рэмбранта выстаўляліся ў шматлікіх музеях Італіі, Нямеччыны, Іспаніі, Мексікі, Чылі і ў іншых краінах свету. Цяпер гэта ўнікальная калекцыя прадстаўленая і ў Беларусі.

Пасля Мінска экспазіцыя перамясціцца ў Віцебскі Мастацкі музей і будзе працаваць там з 6 па 23 ліпеня.

У Мінску завяршаецца выстава арыгінальных працаў Рэмбранта

Навуковы супрацоўнік Мікіта Моніч праводзіць “Культурны тэхнікум” па Рэмбранце.

Адзіны на выставе няскончаны афорт “Мастак і мадэль” (1646 год)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі