У НАТА распавялі, як санкцыі ўплываюць на расійскую "абаронку"

Танк Т-72Б3М / Reuters
Танк Т-72Б3М / Reuters

Санкцыі, уведзеныя Захадам пасля нападу Расіі на Украіну, пачалі адбівацца на расійскай абароннай прамысловасці. Пра гэта ў інтэрв'ю Reuters заявіў кіраўнік Вайсковага камітэта НАТА адмірал Роб Бауэр.

"Расіі ўсё больш і больш перашкаджаюць санкцыі, паколькі некаторыя з кампанентаў, якія ім патрэбныя для сістэм узбраенняў, вырабляюцца на Захадзе. Цяпер мы бачым першыя сур'ёзныя прыкметы гэтага ў кантэксце іх здольнасці вырабляць, напрыклад, замену крылатым ракетам і больш дасканаламу ўзбраенню", — сказаў ён.

На думку адмірала, на дадзены момант праз інтэнсіўнасць агнявых дзеянняў абедзве ваюючыя краіны адчуваюць недахоп узбраення і боепрыпасаў.

"Наколькі нам вядома, у расіян усё яшчэ ёсць значная прамысловая база, і яны здольныя вырабляць шмат боепрыпасаў. І ў іх усё яшчэ шмат боепрыпасаў", — кажа Бауэр.

Па ацэнках НАТА, якія прыводзіць адмірал, Расія задзейнічала ва Украіне каля 85% сваіх вайскоўцаў. Адзінае, чым можа сабе дапамагчы цяпер расійскае войска — мабілізацыя насельніцтва.

"Мы назіраем прыбыццё нязначнай колькасці новых вайскоўцаў. У чым мы ўпэўненыя — гэта ў тым, што ўзровень падрыхтоўкі гэтых вайскоўцаў не вельмі высокі", — адзначыў кіраўнік Вайсковага камітэта Альянсу.

Пасля дэакупацыі ў Ізюме было знойдзена 450 адзінак узбраенняў, якія ў апошнія гады перад поўнамаштабным уварваннем ва Украіну Расія закупляла ў краін Захаду, ЗША і Азіі. Прычым, часта рабіла гэта абыходзячы эмбарга на продаж зброі праз шчыліны ў еўрапейскіх законах.

На думку кіраўніка дыпламатыі ЕС Жазэпа Барэля, санкцыі Еўрапейскага Саюза сур'ёзна падрываюць патэнцыял Масквы па падтрымцы сваёй зброі і ваеннай тэхнікі ў вайне з Украінай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі