У Наваполацку знялі кіно пра зомбі

Наваполацкія маладзёны знялі народнае кіно пра зомбі. Стужка называецца “Канцэнтрат”. Прэм’ера гадзіннай стужкі  адбылася 8 верасня ў Полацку ў кінатэатры “Радзіма”.
Рэжысёр Аляксандр Дзмітрычэнка і “РЗСтудыя” знялі фільм, які распавядае пра атаку зомбі на звычайны беларускі горад. Сюжэт такі: у прамысловым гарадку з прадпрыемства вылілася атрута. З-за гэтага людзі памерлі і пераўтварыліся ў зомбі. 

Ролік, выкладзены ў інтэрнэце, быццам парадыруе зомбі-фільмы класа В. У фільме відаць беларускія рэаліі: партызаны ў лесе палююць на зомбі, зомбіхі нападаюць на хлапцоў  на звычайных беларускіх могілках. Саундтрэк да “Канцэнтрату” быў напісаны полацкім гуртом “Perfect life”.

Вось што распавеў пра “Канцэнтрат” рэжысер і сцэнарыст фільму Аляксандр Дзмітрычэнка.

Аляксандр Дзмітрычэнка: Удзельнічаць у гэтым праекце мог кожны ахвотны. Хто спраўляўся - ігралі галоўныя ролі, хто не спраўляўся –  ігралі зомбі. Бюджэт фільму склаў 300 долараў. Гэтыя грошы – толькі расходы на працэдуру здымання, на такія дробязі, як пакарміць людзей, даехаць на месца здымкаў,альбо купіць неабходны рэквізіт. Вялікую дапамогу аказалі удзельнікі праекту, альбо суполкі, такія як страйкбалісты, якія пазычылі зброю і вопратку. Усе здымалася амаль на чыстым энтузіязме”. 

Аляксандр падкрэсліў, што ніякіх перашкодаў з боку ўладаў падчас здымкаў не было.

Аляксандр Дзмітрычэнка: “Ніхто не перашкаджаў. Але былі сітуацыі, калі хтосці тэлефанаваў у міліцыю, пабачыўшы зомбі на вуліцы. Але міліцыя да гэтага аднеслася нармальна, ніхто нічога не забараніў”.

Мэта праекту – паказаць, што ў нашай краіне можна самому здымаць кіно. 

Гэта восьмы фільм Аляксандра Дзмітрычэнкі, апошні быў фантастычны і называўся “Зачыстка” і быў зняты ў 2004 г.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі