У Нью-Ёрку памёр Аляксандр Міцкевіч — пляменнік Якуба Коласа

У Нью-Ёрку на 96-м годзе жыцця памёр Аляксандр Міцкевіч, пляменнік Якуба Коласа. Ён нарадзіўся 15 лістапада 1919 года ў славутай вёсцы Мікалаеўшчына. Скончыў польскую пачатковую школу яшчэ ў Заходняй Беларусі, а настаўніцкія курсы — ужо ў савецкіх Стоўбцах. Паводле сямейнай традыцыі, за саветамі і падчас нямецкай акупацыі працаваў настаўнікам у вясковых школках на Стаўпеччыне і за гэта мусіў заплаціць выгнаннем: у 1944-м Міцкевіч разам з сотнямі тысяч беларусаў падаўся на Захад.
 
Доўгія дзесяцігоддзі пляменнік Якуба Коласа быў адным з завадатараў беларускага жыцця ў Амерыцы. Стаў адным са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларуска-Амерыканскага дапамогавага камітэта, кіраваў нью-ёркскі аддзел найбуйнейшага грамадска-палітычнага згуртавання дыяспары Беларуска-Амерыканскага задзіночання і ў Царкоўнай радзе пры Кафедральным саборы Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Сябар Рады БНР, ён актыўна ўдзельнічаў у зборы сродкаў на дапамогу пацярпелым ад Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі і падтрымку палітычных уцекачоў.
 
Шырокі жыццёвы кругагляд, сумленнасць і надзвычайная адказнасць дазволілі Алесю Міцкевічу ў роўнай ступені паспяхова пісаць і рэдагаваць газетныя артыкулы, выконваць функцыі скарбніка ў эмігранцкіх арганізацыях ды трымаць сувязь з беларусамі па ўсім свеце, піша “Салідарнасць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі