У офісе “Нашай нівы” і ПЭН-цэнтра канфіскавалі 12 камп’ютараў

Сістэмны блок забралі і дома ў галоўнага рэдактара НН Андрэя Скурко. Па яго словах, нягледзячы на канфіскацыю, сайт газеты працягне працаваць у звыклым рэжыме.

“Бліжэйшы нумар друкаванай “Нашай нівы” запланаваны на 5 студзеня. Спадзяюся, мы знойдзем сродкі на яго выданне”, -- адзначыў Андрэй Скурко ў размове з Еўрарадыё.

Нагадаем, ператрус у офісе ПЭН-цэнтра, у якога “Наша ніва” арандуе памяшканне, пачаўся ў аўторак увечары. У рэдакцыі газеты былі двое журналістаў, якія адмовіліся пускаць праваахоўнікаў без дазволу кіраўніцтва. Па прыездзе галоўнага рэдактара газеты і адначасова намесніка старшыні ПЭН-цэнтра Андрэя Скурко, супрацоўнікі КДБ трапілі ў офіс. Самога рэдактара адвезлі дадому, дзе таксама правялі ператрус.

Згодна з ордэрам, ператрусы звязаныя з дзвюма крымінальнымі справамі: аб масавых беспарадках і аб знявазе дзяржаўнай сімволікі.

Нагадаем, у мінулую суботу ператрус адбыўся і на офісе Еўрарадыё, дзе былі канфіскаваныя сістэмныя блокі, дыктафоны, флэш-карты і нават нататнікі з візітніцамі. У адрозненні ад ПЭН-цэнтра і “Нашай нівы” ніхто з супрацоўнікаў Еўрарадыё не прысутнічаў пры ператрусе, і нікому не прад’яўлялі адпаведную пастанову.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі