У Пермі 30-метровы фантан фекаліяў затапіў завод (відэа)
А таксама прымусіў спыніць рух электрычак.
Прарыў каналізацыйнага калектара ў расійскай Пермі прымусіў часова прыпыніць рух электрычак. Як паведамляе сайт newsru.com, фантан, які дасягаў 20-30 метраў затапіў фекаліямі чыгуначнае палатно. Акрамя таго, фекальныя масы затапілі частку тэрыторыі завода, размешчанага паблізу. Смуродная вадкасць амаль дасягнула ўзроўню вокнаў першага паверху.
Паведамляецца, што аварыя здарылася на напорным калектары дыяметрам 1000 мм, пабудаваным у 1973 годзе. Пасля аварыі яго адключылі, адвядзенне каналізацыйных вод ажыццяўляецца па рэзервовай галіне, а пашкоджаны трубаправод абследуюць спецыялісты кампаніі.
У дадатак да ўсяго, літаральна праз некалькі гадзін на горад абрынулася залева, якая затапіла некаторыя вуліцы горада. На гэты раз — вадой.