У Полацку вымушана страйкуюць дзве тысячы прадпрымальнікаў

Сюрпрыз зрабіў полацкім прадпрымальнікам Уладзімір Захараў, уладальнік буйной гандлёвай сеткі у Полацку і Наваполацку. Калі людзі сёння з раніцы прыйшлі на свае працоўныя месцы на Стралецкім рынку, а таксама ў гандлёвых цэнтрах “Еўралюкс” і “Капітал”,  выявілася, што ўсе тры гандлёвыя пляцоўкі зачыненыя.  Зроблена гэта нібыта на загад іх гаспадара, Уладзіміра Захарава, які на кантакт ні з кім не ідзе і на тэлефанаванні не адказвае. Па звестках, атрыманых ад ягоных намеснікаў, вядома, што спадар Захараў гэткім чынам выказвае пратэст супраць неспрыяльных умоваў для бізнэсу ў нашай краіне.

Насуперак уласнаму жаданню да асабістага дэмаршу Захарава вымушаныя далучыцца амаль дзве тысячы прадпрымальнікаў. Як расказваюць прадпрымальнікі, людзі былі разгубленыя. Колькі дзён таму многія з іх прасілі ў спадара Захарава дазволу на працу ў выходны (у аўторак), каб не прапусціць ажыўлены перадсвяточны гандаль. Дазвол, па чутках, яны атрымалі, але магчымасць гандляваць — не.

Абураныя прадпрымальнікі звярнуліся ў гарвыканкам, але ў аддзеле гандлю ім параілі разбірацца з Захаравым самастойна. Як выйсце прапанавалі накіраваць пазоў у Гаспадарчы суд — ад усіх прадпрымальнікаў разам ці паасобку.
Атрымаць каментар у загадчыцы аддзела гандлю Полацкага гарвыканкама мы не змаглі: тая тэрмінова выехала на нараду ў Віцебск. Па няпэўных дадзеных, там збіраюцца абмяркоўваць менавіта полацкую сітуацыю.

Паводле полацкага актывіста прадпрымальніцкага руху Валера Шаўчэнкі, у сераду гарвыканкам абяцаў правесці праверку дзейнасці Уладзімера Захарава і вырашыць, што рабіць далей.

Дзе знаходзіцца сам спадар Захараў, дагэтуль невядома.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі