У порце Адэсы заблакаваны ААНаўскі карабель са збожжам
Карабель, заблакаваны ў порце Адэсы
У порце Адэсы заблакіраваны карабель, зафрахтаваны ААН у межах Сусветнай харчовай праграмы. Ён павінен даставіць 40 тысяч тон збожжа ў Афрыку, але не можа выйсці ў плаванне. Пра гэта паведамляе кіраўнік Мінінфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў.
Прычына — напярэдадні Расія абвясціла, што выходзіць са "збожжавай здзелкі", якая дазваляла экспартаваць зерне з Украіны. "Гэтыя прадукты былі прызначаныя для жыхароў Эфіопіі, якія знаходзяцца на мяжы голаду. Але праз перакрыццё Расіяй "збожжавага калідора" экспарт немагчымы", — кажа Кубракоў.
На тое, што адбываецца, ужо адрэагаваў кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс. Ён заклікае да ваеннага рашэння праблемы "збожжавага калідора".
"Перамовы з Расіяй не працуюць. Пуцін парушае дамоўленасці і шантажуе ўсіх нас, — мяркуе дыпламат. — Калі ён працягне ставіць пад пагрозу экспарт збожжа з Украіны, свабодны свет павінен аб'яднацца, каб ахоўваць суднаходства з вайсковым суправаджэннем. Давайце абыйдзем шантаж".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.