У пятніцу ў Беларусі даражэюць электраэнергія, газ і ацяпленне
Адбываецца гэта паводле рашэнняў Савета міністраў.
З 1 лістапада тарыф на цеплавую энэргію для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння павялічаны на 6,8% — да 75719,6 руб. за 1 Гкал.
Кошт 1 кубаметру газу ў жылых дамах і кватэрах з усталяванымі прыборамі індывідуальнага ўліку выдатку, пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў і (ці) газавых воданагравальнікаў у ацяпляльны перыяд вырасла на 8,8% да 440 рублёў, у летні перыяд — на 19% да 1466,6 руб.; пры адсутнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў да 1466,6 руб. (на 19%) незалежна ад сезону.
Аплата за газ, выкарыстоўваны ў жылых дамах і кватэрах без прыбораў індывідуальнага ўліку выдатку газу пры наяўнасці газавай пліты і цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння з аднаго жыльца ў месяц вырасла на 19,3% — да 11 750 рублёў. Пры наяўнасці газавай пліты і газавага воданагравальніка (пры адсутнасці цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння) — на 19% да 33 750 рублёў, пры наяўнасці газавай пліты і адсутнасці цэнтралізаванага гарачага водазабеспячэння і газавага воданагравальніка на 19,1% — да 19 050 рублёў.
На 19% павышаныя кошты на звадкаваны газ, які выкарыстоўваецца ў жылых дамах і кватэрах. Нагадаем, з 1 кастрычніка кошты на газ для насельніцтва былі павышаныя на 12,7-32%.
Тарыфы на электраэнергію для насельніцтва 1 лістапада павялічацца на 8,3%.
Аднаставачны тарыф на электраэнергію ў жылых дамах (кватэрах), абсталяваных электраплітамі, складзе 518,9 руб. за 1 квт.гадз. Дыферэнцыяваны тарыф у такіх жылых памяшканнях у перыяд мінімальных нагрузак (з 22.00 да 17.00) — 363,2 руб. за 1 квт.гадз. (263,1 руб. за 1 квт.гадз.), а ў перыяд максімальных нагрузак (з 17.00 да 22.00) — 610,6 руб. за 1 квт.гадз. (751,8 руб. за 1 квт.гадз.).
Электраэнергія для патрэб ацяплення і гарачага водазабеспячэння з далучанай магутнасцю абсталявання больш за 5 квт у перыяд мінімальных нагрузак (з 23.00 да 6.00) падаражэе да 610,6 руб. за 1 квт.гадз., у астатні час сутак — да 1831,8 руб. У астатніх выпадках аднаставачны тарыф складзе 610,6 руб. за 1 квт.гадз., дыферэнцыяваны тарыф у перыяд мінімальных нагрузак будзе 427,4 руб. за 1 квт.гадз., у перыяд максімальных нагрузак — 1221,2 руб. за 1 квт.гадз.
Гэта ўжо шостае падвышэнне тарыфаў на электраэнергію сёлета. Ад 1 студзеня яны павялічыліся на 9,5%, з 1 лютага — на 18%, з 1 чэрвеня — на 15,7%, з 1 жніўня — на 14%, з 1 верасня — на 11,8%.
Фота — sb.by