У Расіі галадаюць работнікі залатога рудніка: ім не выплацілі грошы

У Расіі галадаюць работнікі залатога рудніка: ім не выплацілі грошы

У Забайкаллі абвясцілі галадоўку работнікі залатога рудніка. Акцыя пачалася ў панядзелак, 18 верасня. Па стане на 19 верасня колькасць галадоўшчыкаў вырасла да 50 чалавек, паведамляюць "Грани.ру".

Разам з шахцёрамі да галадоўкі далучыліся былыя работнікі дапаможных падраздзяленняў прадпрыемства. Пратэстоўцы занялі актавую залу пасялковай адміністрацыі. 19 верасня 30-гадовую ўдзельніцу пратэсту шпіталізавалі з павышаным ціскам. Яшчэ тром галадоўшчыкам-мужчынам медыкі зрабілі ўколы, таксама ў сувязі з ціскам.

Напрыканцы ліпеня — на пачатку жніўня на рудніку скарацілі каля 500 чалавек. Група "Южуралзолото" мільярдэра Канстанціна Струкава, якая з'яўляецца ўласнікам рудніка, паабяцала ім выплаціць разлік 15 жніўня. Аднак грошай звольненыя так і не атрымалі. 17 чалавек даслалі калектыўны ліст у пракуратуру, а таксама звярнуліся ў працоўную інспекцыю і тэлефанавалі ў прыёмную паўпрада Уладзіміра Пуціна ў Сібірскай федэральнай акрузе Сяргея Мяняйлава. Аднак усе іх намаганні былі марнымі. 

Губернатар Забайкалля Наталля Жданава пасля пачатку галадоўкі прыняла бок пратэстоўцаў. Увечары 19 верасня на рахункі рудніка паступілі першыя сродкі на пагашэнне запазычанасці перад былымі работнікамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі