У Савеце Еўропы занепакоеныя новымі смяротнымі прысудамі ў Беларусі
Генеральны сакратар Савета Еўропы Турб'ёрн Ягланд выказаў занепакоенасць двума смяротнымі прысудамі, якія 21 ліпеня вынес Магілёўскі абласны суд. Пра гэта піша tut.by са спасылкай на прэс-службу генсакратара.
У заяве Ягланда гаворыцца: "Я ізноў выказваю нашае расчараванне і смутак з нагоды таго, што Беларусь працягвае ўжываць гэтую нечалавечую і несправядлівую меру, цалкам супярэчную еўрапейскім каштоўнасцям".
Ён дадаў, што смяротная кара застаецца асноўнай перашкодай для далучэння Беларусі да Савета Еўропы. Ягланд заклікаў афіцыйны Мінск тэрмінова ўвесці мараторый на ўжыванне смяротнай кары як першы крок да яе поўнай забароны. Акрамя таго, палітык прапанаваў змякчыць ўжо вынесеныя прысуды.
Як паведамлялася раней, у пятніцу суд Магілёўскай вобласці вынес прысуд так званым "чорным рыэлтарам". Па версіі праваахоўнікаў, яны забілі шэсць чалавек, каб завалодаць і перапрадаць іх кватэры. Двум з чатырох падсудных — Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному — вынеслі смяротныя прысуды.