У сераду абвесцяць прысуд “польскім шпіёнам”

Прыгавор у адносінах да групы беларускіх грамадзян, якія абвінавачваюцца ў здрадзе дзяржаве ў форме шпіянажу, будзе аб'яўлены 12 верасня.

Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Вярхоўнага суда Беларусі Анастасія Цымановіч. Справа разглядалася Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суда з 4 верасня.

У інтарэсах забеспячэння аховы дзяржаўных сакрэтаў слуханні праходзілі ў закрытым судовым пасяджэнні. Перад судом паўсталі чацвёра грамадзян, кожнаму з якіх прад'яўлена абвінавачанне ў збіранні і перадачы замежнай дзяржаве звестак па заданні замежнай разведкі ва ўрон інтарэсам Беларусі.

Аднаму з абвінавачваных таксама ставіцца ў віну арганізацыя шпіянажу замежным грамадзянінам.

Аб раскрыцці агентурнай сеткі польскай ваеннай разведкі ў Беларусі заявіў 15 ліпеня ў інтэрв'ю тэлеканалу АНТ намеснік старшыні КДБ Віктар Вягера. Паводле яго слоў, у агентурную сетку ўваходзілі чацвёра беларускіх вайскоўца і афіцэр Узброеных сіл Расіі.

Паводле звестак КДБ, польскую разведку цікавілі ваенна-стратэгічныя аб'екты Беларусі і Расіі, размяшчэнне і колькасць сродкаў супрацьпаветранай абароны, у прыватнасці комплексаў С-300. Кіраўніком рэзідэнтуры, паводле інфармацыі КДБ, быў афіцэр ВПС і войскаў СПА Беларусі Уладзімір Рускін, затрыманы на мяжы ў студзені 2007 года пры спробе перавозкі сакрэтных матэрыялаў.

Асновай доказнай базы шпіёнскай дзейнасці агентурнай групы сталі відэаматэрыялы аператыўных і следчых дзеянняў.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі