У Штатах памёр "бацька экстазі" Аляксандр Шульгін
Яму было 88 гадоў. Шульгін не толькі распрацаваў новы просты метад вытворчасці гэтага наркатычнага прэпарата, але і выпрабаваў яго на сабе.
Яго жонка Эн паведаміла, што Шульгін памёр ад рака печанi ў сваім доме ў паўночнай Каліфорніі ў атачэнні сваякоў і лекараў, перадае ВВС.
Шульгін захапіўся арганічнай хіміяй яшчэ ў школе, а потым паступіў у Гарвардскі універсітэт. Пасля службы на флоце ў гады Другой Сусветнай вайны ён вярнуўся ў Берклі, дзе абараніў доктарскую дысертацыю па біяхіміі.
Ён захапіўся даследаваннем псіхаактыўных злучэнняў, выпрабоўваючы створаныя злучэнні на сабе і сваіх сяброў. У 1960-я гады, калі мода на галюцынагены кшталту ЛСД і амфетаміны шырока распаўсюдзілася ў ЗША, Шульгін стварыў і выпрабаваў сотні новых злучэнняў.
У 1975 годзе ён выявіў злучэнне, па сваёй формуле максімальна блізкае да таго, што цяпер называюць "экстазі" ці MDMA.
Фота — Reuters