У Слуцку наркаман сядзеў пасярод дарогі і нюхаў клей
Гэта першы ў Беларусі "наркаман-поўторнік", які трапіў пад новыя антынаркатычныя нормы.
У Слуцку затрымалі 19-гадовага жыхара Салігорска ў стане таксічнага ап'янення. Як піша слуцкае выданне "Інфа-Кур'ер", юнак двойчы за месяц трапіўся ў грамадскім месцы пад уздзеяннем наркотыкаў, таму на яго пачалі крымінальную справу.
Першы раз у неадэкватным стане таксікамана злавілі 10 студзеня ў Салігорску. Тады міліцыянты склалі на яго адміністрацыйны пратакол. А 27 студзеня яго затрымалі ўжо ў Слуцку. У неадэкватным стане юнак сядзеў пасярод дарогі і нюхаў клей "Момант". Як адзначаюць праваахоўнікі, гэтым салігорац ствараў аварыйную сітуацыю.
Нагадаем, што новыя антанаркатычныя нормы былі ўведзеныя напрыканцы снежня Дэкрэтам №6 Аляксандра Лукашэнкі. Пазней дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў ўнеслі адпаведныя змены ў Крымінальны кодэкс.
Максімальнае пакаранне, якое пагражае хлопцу, тры месяцы арышту або два гады абмежавання волі.
Дарэчы, салігорац стане першым у краіне чалавекам, які трапіць пад новыя антынаркатычныя нормы.
Фота — coloribus.com