У Смалявічах турэцкая фірма “кінула” дольнікаў
Шасціпавярховы дом мусілі здаць яшчэ ў верасні гэтага года. Але вось ужо два месяцы, як спынілася будаўніцтва, і дом паціху расцягваюць. Фірма, што ўзводзіла шм
Пра гэта Еўрарадыё распавялі самі дольнікі.
Надзея: “Дом
будуецца з 2005 года. У верасні яны мусілі здаць дом, але цяпер там
толькі 3 паверхі. А павінна быць 6. Стаіць дом, развальваецца, рабуецца.
Туркі з'ехалі, ніхто не прыняў гэты дом, ён не ахоўваўся, развальваўся,
людзі сталі красці — прыязджалі, набіралі цэглу. І нікому не было
справы. Усе правы па дамове мы перадалі ва Ўпраўленне камунальнага
будаўніцтва. Тут самая непасрэдная віна УКБ”.
Турэцкі падрадчык з'ехаў без тлумачэння прычын, і цяпер з гэтай нагоды вядзецца расследаванне, паведаміў Еўрарадыё начальнік Упраўлення камунальнага будаўніцтва райвыканкама:
"Без тлумачэнняў прычын з'ехаў — і ўсё. Будзем высвятляць; мне самому цікава, чаму".
Згодна са словамі чыноўніка, сёння разглядаюцца дзве арганізацыі, якія змогуць дабудаваць шматпавярховік:
"…”Будмастрэст”
і “Аслябя”. Мы прапанавалі гэтыя арганізацыі жыллёва-камунальнаму
кааператыву, а яны ўжо паміж сабой павінны ўзгадніць падрадную
арганізацыю".
Старшыня жыллёва-будаўнічага кааператыва №11 кажа, што, магчыма, дом здадуць да чэрвеня 2011 года:
“Я
думаю, што нас пачулі: знайшліся жадаючыя нам пабудаваць. Яны
паабяцалі, што калі ўсё будзе добра з фінансаваннем, то яны здадуць дом
да канца ІІ квартала, то бок да чэрвеня наступнага года. Гэта нас трошку
абнадзеіла”.
Але як кажа старшыня кааператыва, пры любым раскладзе дольнікі згубяць грошы:
“Вядома,
губляем… Так ці інакш, курс расце, квадратны метр расце. Канец
будаўніцтва мусіў быць у верасні — а ўжо амаль лістапад. Два месяцы мы
ўжо згубілі... Хтосьці спадзяваўся ўжо засяліцца ў верасні, а даводзіцца
здымаць кватэру”.
У тым, што здарылася, жыхары абвінавачваюць Упраўленне камунальнага будаўніцтва і збіраюцца падаваць на яго ў суд, кажа Надзея:
"Мы
ўжо грукаліся паўсюль—– Генпракуратура, адміністрацыя, аблвыканкам,
райвыканкам. Нідзе не маглі нічога прабіць. Усе гэтыя лісты цяпер ляжаць
у райвыканкаме.
Самы непасрэдны вінаваты — гэта наш УКБ. Бо
лічылася, што яно павінна наймаць падрадчыка, яно забрала нашыя грошы
паводле дамовы... Мы маем намер судзіцца з Упраўленнем капітальнага
будаўніцтва. За зрыў тэрмінаў і невыкананне ўмоў дамовы".
Падманутыя
жыхары нават падалі заяўку на правядзенне мітынгу ў цэнтры Смалявічаў
на 13 лістапада. Раней у горадзе з насельніцтвам у 14 тысяч такога
ніколі не было!
Надзея: "Хацелі нават ладзіць мітынг —
напісалі заяву, мінулі 2 тыдні, выканкам адказу не даў. Цяпер напісалі
другую заяву з вызначаным месцам, датай і г.д. Людзі злыя. Шматдзетныя
сем'і, жывуць у бараках".
Заява пакуль яшчэ знаходзіцца ў выканкаме, але, магчыма, калі да гэтага часу штосьці вырашыцца, людзі яе адклічуць.