У Старых Дарогах з’явіцца музей дарог і паштовай службы
У Старых Дарогах, што ў Мінскай вобласці, запланавана адкрыццё музея гісторыі дарог і паштовай службы, паведамляе БелаПАН. Новую ўстанову культуры створаць на базе раённага этнаграфічнага музея, які месціцца ў будынку мясцовага Палаца культуры. На рэалізацыю праекта музею выдаткавалі грант Мінаблвыканкама ў 85 мільёнаў рублёў. Ужо распрацавалі навуковую канцэпцыю, тэматыка-экспазіцыйны план і эскіз-макет будучага музея, які распавядзе пра мінулае мясцовага транспарту, прыдарожнай інфраструктуры і сродкаў сувязі. Наведнікі музея змогуць пабачыць інтэр’еры адноўленай старадаўняй паштовай станцыі з карчмой, пакоем для гасцей і кавальняй.