У суботніку прымушаюць удзельнічаць медыкаў Віцебска і Мінска
Хаця медыкі Мінска і Віцебска напружана працуюць падчас эпідэміі каранавіруса, іх прымушаюць яшчэ і ўдзельнічаць у суботніку, прызначаным на 25 красавіка. Клінікі абавязаныя або вывесці на работы частку медыкаў, або здаць нейкую суму з калектыву.
"Думаў, што сёлета хоць абыдзецца, але з дактароў па 5 рублёў, з медсястры 3, з санітаркі 1 рубель", — падзяліўся падрабязнасцямі з "Нашай нівай" доктар Віцебскай абласной лякарні.
У віцебскай санстанцыі, дзе робяць тэсты на каранавірус, расцэнкі крыху іншыя: загадчыкі аддзяленняў павінныя ўнесці па 8 рублёў, дактары — 6, лабаранты — 5, санітаркі — 4.
У паліклінках з дактароў збіраюць па 8 рублёў, з лабарантаў — па 4.
"За работу "ва ўмовах каранціну" мне далі надбаўку каля 30 рублёў, і ў гэтым жа месяцы знялі 20 рублёў за падпіску на газеты, ад якіх ты не можаш адмовіцца, цяпер сюды 8 — вось якая справядлівасць", — падзяліўся пачуццямі адзін з медыкаў.
У Беларусі афіцыйна зарэгістравана больш за 8000 выпадкаў заражэння каранавірусам. Найбольшыя ачагі — у Мінску і Віцебску. На мінулым тыдні паведамлялася, што сярод хворых — больш за 400 медыкаў. Ёсць звесткі пра смерці медыкаў, якім паставілі дыягназ COVID-19.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.