У Свіслачы пройдзе традыцыйны дзень памяці братоў Каліноўскіх
У апошнюю суботу кастрычніка дэмакратычная супольнасць Гродзеншчыны наведае радавую сядзібу славутых герояў Беларусі. Мемарыяльныя ўрачыстасці пройдуць па традыцыйным маршруце. З раніцы ў свіслацкім касцёле адслужаць імшу па братах Каліноўскіх. Затым грамада наведае вёску Якушоўка, дзе захаваліся падмуркі радавой сядзібы Каліноўскіх. Калісьці тут дэмакратычныя актывісты паставілі крыж героям паўстання 1863 года. На магіле Віктара Каліноўскага ў Свіслачы ўдзельнікі ўрачыстасці ўскладуць кветкі і запаляць знічкі.