У Тбілісі зладзілі акцыю пратэсту, удзельнікі перакрылі праспект Руставелі
Мітынг каля грузінскага парламента
Увечары 28 кастрычніка жыхары Грузіі, не згодныя з вынікамі парламенцкіх выбараў, выйшлі на акцыю пратэсту ў цэнтры Тбілісі. Пратэстоўцы перакрылі праспект Руставелі.
Паводле прыблізных ацэнак, у акцыі прымаюць удзел каля 15 тысяч чалавек.
Галасаванне ў Грузіі прайшло 26 кастрычніка. Паводле афіцыйных звестак кіроўная партыя "Грузінская мара" атрымала 54% галасоў.
Апазіцыйная "Кааліцыя за перамены", чые прадстаўнікі прайшлі ў парламент Грузіі, як піша kavkaz-uzel.eu, адмовілася ад дэпутацкіх мандатаў. Прызнаваць вынікі выбараў адмовіліся і іншыя апазіцыйныя партыі, якія пераадолелі пяціадсоткавы выбарчы бар'ер. Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі назвала выбары нелегітымнымі і падтрымала пратэстоўцаў.
"Магу паклясціся, што буду з вамі да канца на гэтым еўрапейскім шляху. Да таго часу, пакуль мы не дасягнем Еўропы, якая з'яўляецца не проста нашай марай, а рэальнасцю, бо ў нас няма іншай альтэрнатывы", — заявіла кіраўніца дзяржавы на мітынгу пратэсту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.