У Варшаве падпісалі беларуска-польскае пагадненне пра памежную зону (фота)

Цяпер беларусы і палякі змогуць ездзіць у госці адзін да аднаго без візаў
Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў і кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі 12 лютага ў Варшаве падпісалі Дамову аб малым прыгранічным руху. Дамова дае магчымасць жыхарам прыгранічных тэрыторый перасякаць мяжу без візы з мэтай культурных, грамадскіх або радзінных кантактаў,а  таксама па эканамічных справах, але не дзеля заробку. Па словах Сяргея Мартынава, Дамова аб малым прыгранічным руху будзе ратыфікаваная прыкладна пад канец красавіка.  



Малы прыгранічны рух ахопіць 30-кіламетровую зону ўглыб Польшчы і Беларусі. Туды ўвойдуць 89 беларускіх адміністрацыйных адзінак(уключаючы Брэст і Гродна) з больш як мільённым сукупным насельніцтвам, а таксама 93 польскія тэрытарыяльныя адзінкі, з ткімі гарадамі як Бяла Падляска, Аўгустаў, Гайнаўка, Бельск Падляскі, Саколка і Семятычы.



Замест візаў удзельнікам малога прыгранічнага руху будуць выдаваць спецыяльныя дазволы. Спачатку тэрмінам на 2 гады, а ў выпадку чарговых дазволаў – на 5 гадоў. Беларускія грамадзяне змогуць атрымаць іх у брэсцкім і гродзенскім консульствах. Атрымаць дазвол могуць тыя, хто пражывае на прыгранічнай тэрыторыі не менш за 3 гады і мае дакументальнае пацверджанне.



З такім дазволам можна шматразова перасякаць мяжу і знаходзіцца на 30-кіламетровай тэрыторыі суседняй краіны не больш за 90 дзён цягам паўгода. Кошт дазволу – 20 еўра. Інваліды, пенсіянеры і дзеці да 18 гадоў змогуць атрымаць яго бясплатна. Аднак усім удзельнікам малога прыгранічнага руху трэба будзе выкупіць медыцынскую страхоўку мінімум на 14 дзён.



Чакаецца, што кожны год будзе каля 100 тысяч аховтных атрымаць дазволы з кожнага боку мяжы. Таму спачатку консульствы будуць перагружаныя працай. У сувязі з гэтым спатрэбіцца больш консулаў, паведаміў польскі міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі.

Радаслаў Сікорскі: “Мы ўжо размаўлялі пра тое, што, магчыма, будзе павялічаная колькасць консулаў як у Беларусі, так і ў Польшчы на час выдавання гэтых новых дакументаў.”



Пасля цырымоніі падпісання дамовы адбыўся таксама прэс-брыфінг, на якім Сяргей Мартынаў і Радаслаў Сікорскі адказалі на пытанні журналістаў. Польскія СМІ больш за ўсё цікавіла сітуацыяй з беларускім Саюзам палякаў. Аднак, па словах Сяргея Мартынава, ніякіх парушэнняў правоў польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі не адбываецца.

Сяргей Мартынаў: “Польская меншасць з’яўляецца інтэгральнай часткай беларускага грамадства. Усе правы польскай меншасці ў Беларусі шануюцца. Наколькі я разумею, праблема заключаецца ў непаразуменнях паміж дзвюма фракцыямі (Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс і Саюз палякаў на чале са Станіславам Сямашкам, які прызнаюць улады. - Еўрарадыё). І яны самі павінны вырашыць свае праблемы. Урад Беларусі не хоча ў гэта ўмешвацца”.



Напярэдадні візіту Мартынава польскі міністр замежных справаў Радаслаў Сікорскі абяцаў, што “па-мужчынску” паразмаўляе з ім пра польскую меншасць ў Беларусі, аднак пасля сустрэчы яе паведаміў, што размова атрымалася “шчырая і канструктыўная”. Акрамя польскай меншасці, кіраўнікі МЗС абмеркавалі таксама і іншыя справы - энергетычную палітыку, пытанні гандлю нафтай, узаемныя інвестыцыі ды паляпшэнне гандлёвых адносін.

Радаслаў Сікорскі таксама заявіў, што Польшча падтрымлівае курс Беларусі на ўзмацненне незалежнасці і дыверсіфікацыю вектараў знешняй палітыкі. Аднак гэтая падтрымка  будзе залежаць ад сітуацыі з дэмакратыяй ў  Беларусі, дадаў польскі міністр замежных справаў.

Радаслаў Сікорскі: “Так сама, як і Еўрасаюз, Польшча будзе падтрымліваць Беларусь у залежнасці ад выканання пэўных умоваў, перадусім умовы арганізацыі, да якой належаць абедзве нашыя краіны - АБСЕ, з асаблівым звяртаннем увагі на правы апазіцыі і нацыянальных меншасцяў”.


Фота аўтара

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі