У Варшаве праходзіць выстава "Гома Эротыка"(фота)

Сярод малюнкаў, карцін, фотаздымкаў ды відэа пра аднаполае каханне, знайшлося месца і на праблемы беларускіх сэкс-меншасцяў. 
Гамасэксуалісты  заўсёды былі, ёсць і будуць побач, трэба проста адкрыць вочы на іх праблемы і працягнуць руку, лічаць арганізатары выставы “Ars Homo Erotica” ў варшаўскім Нацыянальным музеі. Ужо некалькі дзён жыхары і наведнікі польскай сталіцы аглядаюць карціны, фотаздымкі, плакаты ды відэаролікі пра геяў, лесбіянак, андрагенаў, бісэксуалаў ды трансвестытаў. Абыякавых на выставе не знойдзеш. 

Без увагі не засталіся і беларускія сэксуальныя меншасці. Пра разгоны парадаў роўнасці у Мінску на ўсю музейную залу распавядаюць вядучыя імправізаванага відэавыпуска навінаў. Праўда, па-польску і з замазанымі тварамі.



Вядучая: “...Парад прасунуўся 500 метраў наперад, але потым на яго напалі супрацоўнікі спецслужбаў...Некалькі асобаў затрымалі і адвезлі ў міліцыю. У Маскве адбыліся  акцыі супраць разгону гей-парада ў Мінску... ”

Тут можна пабачыць выявы застылых у глыбокім пацалунку расійскіх міліцыянтаў, лесбійскіх сем’яў з дзецьмі на каленах  і нават ружовы танк з надпісам: “Чалавек мае права на каханне”. 

Шмат на выставе і выяваў палавых органаў – намаляваных, сфатаграфаваных ды нават выкладзеных чалавечымі валасамі. 

Вялікае ўражанне пакідае таксама матрас хворага на СНІД з плямай мачы. Гэты твор аўтар назваў “Водныя ліліі” .


Большасць экспанатаў арганізатары адшукалі ў прыватных калекцыях, але некаторыя творы выцягнулі з запыленых падвалаў Нацыянальнага музея. Напрыклад – торс голага мужчыны мастака Яна Матэйкі ды шматлікія скульптуры, распавяла Еўрарадыё наглядчыца адной з залаў.

Наглядчыца: “Мне падабаецца толькі тое, што Нацыянальны музей змог выцягнуць творы, якія ляжалі на паліцах, і паказаць іх публічнасці. Але нам здаецца, што настолькі сучасная выстава павінна праходзіць у Музеі сучаснага мастацтва, а не ў Нацыянальным музеі. Хаця зацікаўленасць выставай вельмі вялікая. Думкі наведнікаў таксама вельмі, вельмі розныя”.

Арганізатары выставы хацелі давесці, што аднаполае каханне - гэта не сучасная вынаходка. Пацверджанне гэтаму – грэцкая ваза з VI стагоддзя да нашай эры. На ёй - эратычныя забавы афінскіх маладзёнаў.
Іншы прыклад – статуі старажытных тыраназабойцаў і каханкаў Гармодыя і Арыстагітона, якія ў V стагоддзі да нашай эры прынеслі ў Афіны дэмакратыю. Пра гэта трэба гаварыць часцей, упэўнены старэйшы мужчына, які вельмі ўважліва разглядаў усе экспанаты.

Старэйшы мужчына: “Думаю, што такія выставы трэба арганізоўваць. Яны паказваюць праблемы, якія не трэба хаваць. Гэта проста цынізм. Мне вельмі прыемна пабачыць, што Польшча гэты не нейкі там хутар, дзе глуха і цёмна, і што мы стараемся быць у гэтым авангардзе”. 

Пэўны эратычны падтэкст арганізатары выставы знайшлі і творах савецкага мастацтва. Адзін з іх – карціна “Вясна”рускага мастака Аляксея Барадзіна. На ёй можна пабачыць паўголых мужчын на полі, якія абліваюцца вадой са шланга.

Іншы цікавы экспанат – маленькая скульптура “Абаронцы Ленінграда” аўтарства Міхаіла Анікушына.

Выяваў мужчын на выставе сапраўды шмат, чаго нельга сказаць пра жанчын, паскардзілася Еўрарадыё адна з наведніц.

Наведніца: “Для мяне гэтая выстава занадта гейская. Амаль няма лесбійскай, трансгендэрнай тэматыкі. Яна канечне ёсць, але толькі ў якасці дадатку. Арганізатары занадта засяродзіліся на гейскіх творцах і забыліся пра бісэксуальных аўтараў, пра лесбіянак”.

Але сярод наведвальнікаў было шмат людзей “не ў тэме”. Мужчына сярэдняга ўзросту з Мазоўша прыйшоў у музей проста з цікавасці.

Мужчына: “Нават цяжка апісаць свае ўражанні. Ну, даволі цікавая выстава. Я проста так прыйшоў паглядзець. Тут залежыць каму што падабаецца, праблемы ніякай няма. Але я асабіста аддаю перавагу жанчынам”.

Нягледзячы на пастаянныя скандалы да абразы арганізатараў выставы, а таксама абяцанні кансерватыўных асяроддзяў яе зачыніць, штодзень "Гома Эротыка" збірае шмат наведнікаў: маладзёнаў, старых людзей з кіёчкамі, гамасэксуальныя пары, падлеткаў ды нават бацькоў з дзецьмі.




Аўтары мастацкіх твораў раскрываюць тэму эратычнасці з дапамогай такіх рэчаў, як шклянка з пальцам у сярэдзіне ці адкрыты рот з языком.

Ёсць на выставе і зона чыл-аут. Тут можна адпачыць на канапе і пачытаць "Буквар гомасэксуаліста" ці "Пуцяводнік па гомасэксуальнай Варшаве".


Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі