У Варшаве прайшоў “Марш вызвалення канопляў” (фота)

Некалькі тысяч палякаў, галоўным чынам моладзі, у дзесяты раз вышлі на вуліцы Варшавы на “Марш вызвалення канопляў”.


Збор удзельнікаў быў прызначаны на 15.00, аднак сам марш пачаўся толькі праз 2 гадзіны. У гэты час з  двухпавярховых аўтобусаў арганізатары пераконвалі прысутных, што легальная марыхуана — гэта грошы ў бюджэт, а нелегальная з’яўляецца прыбыткам для мафіі, якая за гэтыя грошы падкупляе палітыкаў. Самім палітыкам слова таксама далі. Напрыклад перад прысутнымі выступіў лідар парламенцкай партыі “Рух Палікота” Януш Палікот.



“Прыйдзе дзень, калі мы зможам у гэтым месцы запаліць каноплі, а паліцыя будзе даваць нам агонь. Гэты дзень бліжэй чым калі-небудзь”, — адзначыў палітык.



Аднак не ўсе ўдзельнікі акцыі былі гатовыя чакаць таго самага дня. Шмат хто з іх ужо на месцы акцыі не вытрымліваў і пачынаў паліць забароненыя зёлкі. Іншыя падымалі настрой алкаголем, ужыванне якога ў публічных месцах у Польшчы забаронена. Паліцыя за такія свавольствы нікога не карала.



Праўда, не ўсе маглі  вытрымлівалі такі стыль адпачынку і падалі спаць проста на вуліцы. Не абышлося і без інцыдэнтаў. Аднаму з удзельнікаў стала кепска і яго забрала хуткая.



Закончылася акцыя каля польскага Сейма. Арганізатары абяцаюць у  хуткім часе разбіць каля канцылярыі прэм’ер-міністра намётавае мястэчка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі