У Віцебску адзначылі Дзень незалежнасці, АМАП сачыў за чысцінёй плошчы

Святочную праграму да адзначэння 17-й гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі зладзілі у Віцебску прадстаўнікі мясцовай суполкі БНФ. На адной з цэнтральных віцебскіх плошчаў — плошчы 1000-годдзя — выступалі барды, прайшоў конкурс нацыянальных беларускіх страваў і віктарына па гісторыі Беларусі. У Віцебск у гэты дзень прыехалі Андрэй Мельнікаў з Гомеля, Георгій Станкевіч з Бешанковічаў ды іншыя музыкі.

Усе жадаючыя маглі пачаставацца дранікамі, журам, бульбянымі піражкамі ды іншымі прысмакамі. Напрыканцы мерапрыемства была ўзнесена малітва за Беларусь. За ходам мерапрыемства пільна сачылі міліцыянты ды ўсюдыісныя "людзі у цывільным".

Прысутнічаў нават асабіста кіраўнік віцебскага АМАПа Зміцер Курган. Нічога супрацьзаконнага яны не заўважылі, толькі нагадалі яе ўдзельнікам аб неабходнасці прыбраць за сабой смецце.

Падчас акцыі з другога боку Заходняй Дзвіны ўзняліся ў неба паветраныя балёнікі, да якіх быў прымацаваны бел-чырвона-белы сцяг.

За "хуліганскія дзеянні", як ахарактарызавалі гэты ўчынак міліцыянты, быў затрыманы старшыня гарадской суполкі БНФ Уладзіслаў Токараў. Праз некалькі гадзін праведзеных у Чыгуначным РАУС, яго адпусцілі. Зараз ён чакае позву ў суд.

Ядвіга Сташэўская, Еўрарадыё, Віцебск

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі