У Віцебску сёлета скончылася адбудова Ўваскрэсенскай царквы (фота)

Еўрарадыё наведала адноўлены храм, які вяртае моцна саветызаванаму Віцебску аблічча еўрапейскага горада.
Рэканструкцыя царквы пачалася ў 1996 г., царкву адкрылі для наведнікаў 10 ліпеня сёлета. Уваскрэсенская царква падзеленая на верхнюю і ніжнюю часткі. Верхняя царква, згодна з канонамі Падзвіння, афарбаваная блакітным колерам са шматлікімі ўпрыгожваннямі. Уваход у верхнюю царкву адкрыты. А вось ніжняя царква пакуль закрытая для паломнікаў. З шыльды ля ўваходу можна даведацца, што гэта храм прападобнага Антонія Рымляніна, і таму памяшканне будзе зроблена ў рымскім стылі. У дадатак, як паведамляюць царкоўныя служкі, у ніжняй царкве будзе музей са шматлікімі культавымі рэчамі. Верагодна, тады ўваход у ніжняе памяшканне будзе дазволены.

Царква цудоўна выглядае з падсьвятленнем у начным небе, злучаючыся з Ратушай у адзіным стылі. Сапраўды, да аднаўлення феерычнага віцебскага ансамблю пачатку ХХ ст.  засталося толькі аднавіць касцёл, які стаяў роўна праз вуліцу ад царквы, на месцы пабудаванага ў савецкія часы фантана. Так што застаўся адзін толькі крок, і вось – Віцебск стане сапраўдным еўрапейскім горадам, ў якім дарэшты забываеш, дзе ж тая матухна-Еўропа… Здаецца, яна тут!

Гістрачная даведка ад Еўрарадыё. Упершыню царква, тады драўляная, згадваецца ў гістарычных дакументах прыблізна ў 1588 г. Праз пэўны час яна была зруйнаваная і на яе месцы ўзвялі мураваную царкву. Каларыт надавалі ёй маляўнічыя сілуэты, цякучыя абрысы вежаў і франтонаў ды прапарцыйны вертыкалізм. Новы храм, пабудаваны ў стылі віленскага барока, належаў уніятам, пакуль у 1834 годзе, у сувязі з распаўсюджанай практыкай расійскіх уладаў аб скасаванні уніяцтва, ён не быў перададзены праваслаўнай царкве.

Праз сем гадоў у новых гаспадароў святыні ўзнікла жаданне перабудаваць яго пад стыль посткласіцызму, каб царква не надта адрознівалася ад расійскіх храмаў. Аднак, на шчасце, гэты праект быў выкананы не цалкам і ўжо на малюнках Напалеона Орды ды фотаздымках Пракудзіна-Горскага бачна, што храм змяніўся не ў адпаведнасці з планам – дадаўся толькі псеўдарускі купал…

Гісторыя царквы заканчваецца ў 1936 г. , калі па загадзе савецкай улады храм, як і шмат святыняў па ўсёй краіне, быў ўзарваны. За часамі ж Рэспублікі Беларусь “царкоўную” плошчу перадалі спярша уніятам, а ў 1996 г. праваслаўным. Ад таго часу і ідзе рэканструкцыя (поўная адбудова наноў) храма.

Здымкі аўтара













Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі