У выніку абстрэлу ў Адэсе забіта трохмесячнае дзіця

Дом у Адэсе пасля ракетнага ўдару / УНИАН
Дом у Адэсе пасля ракетнага ўдару / УНИАН

23 красавіка ў выніку абстрэлу Адэсы расійскімі войскамі загінула пяць чалавек, сярод якіх трохмесячнае дзіця. 18 чалавек паранены, паведамляе кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак. Па яго словах, ахвяр можа быць больш.

У нядзелю расійскае войска нанесла некалькі ракетных удараў па Адэсе. Горад быў атакаваны ракетамі "Калібр". Яны былі выпушчаны з акваторыі Каспійскага мора. Частка ракет была збіта. Некаторыя трапілі ў жылы комплекс. Некалькі кватэр разбураны поўнасцю, у астатніх выбіла вокны. У двары пацярпелага комплексу згарэлі некалькі аўтамабіляў.

Па афіцыйнай інфармацыі ўкраінскага боку, пацярпелі таксама аб'екты інфраструктуры.

"Адзіная мэта расійскіх ракетных удараў па Адэсе — тэрор. Расія павінна быць прызнана дзяржавай-спонсарам тэрарызму і стаўленне да яе павінна быць адпаведным. Ні бізнесу, ні кантактаў, ні культурных праектаў. Нам патрэбна сцяна паміж цывілізацыяй і варварамі, якія абстрэльваюць мірныя гарады ракетамі", — адрэагаваў на бамбёжку Адэсы міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба.

Напярэдадні Мінабароны РФ заявіла, што расійская армія плануе ўсталяваць поўны кантроль над Данбасам і паўднёвымі рэгіёнамі Украіны, у тым ліку над Адэсай, забяспечыць калідор у Крым і выхад у Праднястроўе, дзе нібыта "адзначаюцца факты прыгнёту рускамоўнага насельніцтва".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі