У выпадку сыходу Глеба з “Арсенала” Беларусь атрымае сотні тысяч еўра

40 мільёнаў рублёў заплаціў лонданскі “Арсенал” Уладзіміру Сінякевічу, першаму трэнеру гульца нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе Аляксандра Глеба. Палову гэтай сумы Сінякевіч ужо атрымаў, яшчэ палову ён мусіць атрымаць на працягу 5 месяцаў.
Гэтыя грошы – гэта частка кампенсацыйных выплат, пералічаных “Арсеналам” за падрыхтоўку Глеба.

На разліковы рахунак Беларускага фізкультурна-спартовага таварыства “Дынама” пасля працяглай перапіскі з “Арсеналам” было пералічана 283 тысячы еўра. 5% ад гэтай сумы было вырашана заплаціць першаму трэнеру футбаліста.

Такую ж суму атрымае і першая школа Глеба – мінская СДЮШАР-3. Астатнія грошы пайдуць на развіццё дзіцяча-юнацкага футбола ў Беларусі, інфармуе “Інтэрфакс”.

Паведамляецца, што раней падобных прэцэдэнтаў з выплатамі ў нашай краіне не было. Паводле словаў намесніка старшыні Беларускай федэрацыі футбола Міхаіла Вергяенкі, расходаванне атрыманай кампенсацыі катралюецца УЕФА.

Таксама Вергяенка выказаў спадзяванне, што “Глеб у перыяд дзеяння кантракта з “Арсеналам” перайдзе ў іншы клуб – тады мы зноў атрымаем права на кампенсацыю”. Справа ў тым, што кампенсацыя стала магчымай толькі пасля пераходу Аляксандра Глеба са "Штутгарта" ў "Арсенал".

Нагадаем, што нядаўна іспанскія СМІ паведамілі пра магчымы пераход Глеба ў “Барселону”. Аднак сам футбаліст заявіў, што з “Арсеналам” развітвацца не збіраецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі