Украіна гатова аддаць палову дзярждоўга, у існаванні якога сумняваецца
Еўрарадыё высветліла, ці збіраўся Аляксандр Лукашэнка на Чарнігаўшчыну і адкуль узяўся дзяржаўны доўг Украіны перад Беларуссю.
Дыпламатычны скандал паміж Беларуссю і Ўкраінай разгарэўся па віне Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе украінская газета “Коммерсантъ”. У мінулую пятніцу планавалася сустрэча беларускага і украінскага прэзідэнтаў у Чарнігаве. Аднак у апошні момант Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб Украіна вярнула Беларусі 130 мільёнаў долараў дзярждоўга з пачатку 90-х гадоў. У выніку візіт адмянілі.
У адміністрацыі Віктара Януковіча гэты інцыдэнт каментаваць адмовіліся. А ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі Еўрарадыё паведамілі, што ніякай сустрэчы ўвогуле не планавалася.
Супрацоўнік прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі: “Спытайце ўкраінскую прэсу, які візіт і хто адмяніў. Ёсць прэс-служба Януковіча, задайце ім пытанне. Яны ўжо адзін раз апраўдваліся. Яны ўвогуле кантралююць свае інфармацыйныя патокі? То паведамляюць, што прэзідэнт знаходзіцца ў Чарнігаве, то паведамляюць, што ідуць перамовы. Мы ў шоку, як яны там працуюць!”.
Тым не менш, у Чарнігаўскай вобласці нават абвясцілі пра закрыццё дарогі, якой меў ехаць Аляксандр Лукашэнка. Гэтую інфармацыю Еўрарадыё пацвердзілі ў ДАІ.
Дзяжурны абласной чарнігаўскай службы ДАІ: “Так, было такое паведамленне, і па радыё нават было. Мы атрымліваем інфармацыю ад свайго дэпартамента ў Кіеве, а яны ўжо з міністэрства”.
Сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Віктарам Януковічам чакалі і ў Міністэрстве замежных спраў Украіны. Кіраўнік Беларусі павінен быў прывезці ратыфікацыйныя граматы, каб скончыць працэдуру афармлення мяжы з Украінай, патлумачыў Еўрарадыё Дырэктар Дэпартамента інфармацыйнай палітыкі украінскага МЗС Алег Валошын.
Алег Валошын: “Для нас прынцыпова тое, каб працэс падрыхтоўкі да пазначэння межаў на мясцовасці распачаўся як мага хутчэй. У прынцыпе ўсе адпаведныя крокі для гэтага ўжо зробленыя. Справа за малым – за сустрэчай кіраўнікоў дзяржаў, на якой адбудзецца абмен ратыфікацыйнымі граматамі. Вось гэты апошні фармальны крок яшчэ не зроблены. Хаця Украіна скончыла ўсе працэдуры яшчэ ў канцы 90-х гадоў”.
Без канчатковага вызначэння мяжы Ўкраіна не можа распачаць перамовы пра бязвізавы рэжым з Еўрасаюзам. Таму гатовая нават аддаць Беларусі “доўг”, нягледзячы на тое што лічыць яго сумнеўным. Як патлумачыла Еўрарадыё крыніца ва украінскім МЗС, беларускі бок патрабуе звароту грошаў за прадукцыю, якую нібыта набылі ў Беларусі ўкраінскія прадпрыемствы на пачатку 90-х гадоў і не заплацілі.
На думку першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча, ніякіх даўгоў з савецкіх часоў паміж Беларуссю і Ўкраінай быць не можа. Пры ўтварэнні СНД, бакі дамовіліся, што ўся маёмасць якая знаходзіцца на іх тэрыторыі належыць толькі да іх.
Станіслаў Шушкевіч: “Гэта ўсё былі дзяржаўныя грошы. Калі там і былі нейкія разлікі, трэба за даўнасцю пра гэта забыцца. Пасля было так шмат падзей, які гэтыя даўгі ўвогуле зруйнавалі. Я не бачу падстаў каб патрабаваць ад кагосьці нейкі доўг”.
Тым не менш Украіна згодная пайсці на кампраміс і вярнуць 50 мільёнаў долараў, да таго ж прапануе розныя варыянты па электрычнасці і транзіце нафты, каб разлічыцца неграшовымі сродкамі, даведалася Еўрарадыё ва украінскім МЗС. Аднак Беларусь ісці на саступкі пакуль не збіраецца.
Фота: svaboda.org