Украіна хоча пазбыцца беларускага цукру

Украіна абвінавачвае Беларусь у злоўжыванні рэжымам свабоднага гандлю, які прымяняецца абодвума краінамі з 1992 года. Як зазначыў на прэс-канферэнцыі у Кабінеце Міністраў Украіны міністр аграпрамысловай палітыкі Мікола Прысяжнюк, у першую чаргу гэта датычыць паставак беларускага цукру на ўкраінскі рынак. Прысяжнюк: "Ва ўмовах рэжыму свабоднага гандлю беларускі цукар на тэрыторыю нашай краіны імпартуецца без мыта. На сённяшні дзень беларускі бок, маючы такую льготу, злоўжывае гэтым пагадненнем".

Па словах украінскага міністра, Беларусь з верасня 2009 года паставіла ва Ўкраіну больш за 150 тыс. тон цукру. Прычым палова гэтага аб'ёму была выраблена з цукровага трыснягу, у той час як ад мытных збораў вызваляецца толькі бураковы цукар.

На думку Прысяжнюка, Беларусь адпрацоўвае механізм замяшчэння на ўнутраным рынку цукру, вырабленага з цукровага трыснягу, а цукар, выраблены з цукровага бурака, пастаўляе ў Расію і Ўкраіну. Міністр паведаміў, што ўкраінскі бок прапануе Беларусі ужо ад жніўня выключыць цукар з рэжыму свабоднага гандлю. А гэта, у сваю чаргу, дазволіць забяспечыць прысутнасць украінскага цукру на расійскім рынку.

"Восенню, пасля збору ўраджаю, наша краіна з Расійскай Федэрацыяй будзе ўзгадняць балансы вытворчасці і спажывання цукру. І ў выпадку, калі баланс будзе пазітыўным для нас, мы атрымаем з 1 студзеня 2011 года квоту на пастаўку цукру на рынак Расіі ў аб'ёме 300 тысяч тон. Гэта дастаткова вялікі аб'ём, які дасць магчымасць матываваць павелічэнне вытворчасці айчыннага цукру", - патлумачыў Мікола Прысяжнюк.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі