Украіна хоча стаць пасярэдніцай у перамовах Беларусі і Еўропы
Украіна зацікаўленая ў супрацоўніцтве з Мытным саюзам Беларусі, Расіі і Казахстану. Але пры ўмове, што гэта не будзе абмяжоўваць узаемадзеянне з Еўрасаюзам.
Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Украіны Канстанцін Грышчанка ў Кіеўскім інстытуце міжнародных зносінаў. Там ён выступіў з адкрытай лекцыя на тэму "Украіна: ад постсавецкай да еўрапейскай дзяржавы".
"Мы зацікаўленыя ў тым, каб знайсці найбольш прымальную для ўсіх бакоў формулу нашага ўзаемадзеяння з Мытным саюзам, якая б не абмяжоўвала нашы магчымасці дасягнуць узаемапрыймальных дамоўленасцяў з Еўрапейскім Саюзам пра падпісанне пагаднення пра асацыяцыю, якая будзе ўключаць паглыбленую зону свабоднага гандлю", — сказаў міністр.
Грышчанка таксама пацвердзіў, што Украіна гатовая выканаць функцыі пасярэдніка для аднаўлення дыялогу між Беларуссю і Еўрасаюзам. Што праўда, ён не стаў удакладняць ніякіх дэталяў магчымага пасярэдніцтва Украіны.