Украіна рыхтавалася да нападу Расіі з лістапада, але не чакала ўдару з Беларусі
Да ўварвання Расіі Украіна пачала рыхтавацца яшчэ ў лістападзе 2021 года. Аднак украінцы не чакалі ўдару з тэрыторыі Беларусі, заявіў сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Аляксей Данілаў.
"Мы не маглі сказаць грамадству, што будзе вайна. Гэта было недапушчальна, таму што гэта была адна з тактык Расійскай Федэрацыі, каб тут пачаўся хаос", — перадае ягоныя словы radiosvoboda.org.
Данілаў прызнаў, што ўкраінскія ўлады былі не падрыхтаваныя да атакі з тэрыторыі Беларусі. Ён назваў гэта ўдарам у спіну. "Мы не чакалі, што яны пойдуць па ўсіх франтах. Гэта была нечаканасць", — дадаў ён.
Па яго словах, украінцы рыхтаваліся да абвастрэння на харкаўскім, сумскім, луганскім і крымскім кірунках.
Вайна Расіі супраць Украіны пачалася 24 лютага. Наступ ішоў у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Таксама з тэрыторыі Беларусі адбываецца запуск ракет у бок Украіны. Паводле ўкраінскіх звестак, з Беларусі прылятаюць расійскія бамбавікі, якія наносяць авіяўдары.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.