Украінцы з Ровеншчыны ў дзень выбараў рыхтуюць рэйды ў беларускія лясы

Жыхары прыгранічных украінскіх вёсак у Ракітнаўскім раёне Ровенскай вобласці кажуць, што не маюць часу на тое, каб ісці на выбары, бо рыхтуюць чарговыя рэйды на беларускую тэрыторыю. Яны штодня нелегальна вялікімі групамі ходзяць у Беларусь у ягады і грыбы. Чарніцы, журавіны і грыбы яны збіраюць на продаж (за кілаграм журавінаў перакупшчыкі плацяць каля 2 долараў).

Да 1995 года ўкраінцаў на беларускім баку ніхто не чапаў. Аднак пасля таго, як вясковыя хлопцы спілавалі на вайсковым палігоне ў Беларусі вышку і прадалі яе на металалом, беларускія памежнікі пачалі “вайну” з нелегаламі.

Украінцаў, якія патрапіліся ў першы раз, адпускаюць, у другі раз – затрымліваюць. Пасля трэцяга разу ў пашпарт ставіцца пячатка пра дэпартацыю, а пасля чацвёртага – на месяц адпраўляюць за краты.

Украінскія сяляне скардзяцца, што беларускія памежнікі псуюць іх мяхі, прабіваюць колы ровараў, а сабраныя ягады высыпаюць і топчуць.

Сёлетнім летам здарыўся трагічны выпадак, калі 72-гадовая жыхарка ўкраінскай вёскі Дроздзін Таццяна Кузмініч памерла ў беларускім лесе. Яе знайшлі беларускія памежнікі і адвезлі ў пінскі морг.

Сынам труп для пахавання выдалі толькі праз тыдзень, піша ў сённяшнім нумары “Газета по-украінськи”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі