Украінскім бежанцам прапанавалі ў Беларусі не злоўжываць гасціннасцю і працаваць

Украінскім бежанцам прапанавалі ў Беларусі не злоўжываць гасціннасцю і працаваць

Беларускія ўлады прынялі ўкраінскіх бежанцаў і дапамаглі ім. Але дапамога каштуе грошай, таму ўкраінцам прапанавалі папрацаваць. Пра гэта прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка расказаў ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1".

Чыноўнік распавёў, што ў першы месяц вайны з Украіны было шмат бежанцаў. У Беларусі прымалі нават тых, у каго не было ніякіх дакументаў. Сярод бежанцаў, па словах Галоўчанкі, былі людзі з дрэнным станам здароўя, якім патрабавалася дарагое лячэнне і медыцынская дапамога, і ім нібыта гэтую дапамогу аказвалі, не патрабуючы ніякай кампенсацыі. 

Галоўчанка запэўнівае, што ўсіх размясцілі ў добрых умовах — у санаторыях, на базах адпачынку, кармілі 3-4 разы на дзень.

"Гэта ўсё вымяраецца ў грошах, гэта ж усё дзяржаўныя выдаткі. І мы выпрацавалі пазіцыю, што трэба нашым украінскім сябрам прапанаваць працу. Таму што чалавек без працы як можа жыць?" — тлумачыць кіраўнік урада.

Беларускія чыноўнікі прапанавалі бежанцам працу ў тых рэгіёнах, куды яны прыбылі — пераважна на Гомельшчыне і Брэстчыне. Тым, хто збіраўся праз нейкі час вяртацца на радзіму прапанавалі часовую працу.

"Хтосьці хацеў проста перачакаць, пакуль усё ўляжацца, потым вярнуцца на радзіму. Мы кажам: калі ласка, але на гэты час трэба працаваць. Калі няма кваліфікацыі асаблівай, ёсць праца, якая не патрабуе вялікай кваліфікацыі, гэта ў нас у сельскай гаспадарцы — можна навучыцца за кароткі час, галоўнае каб было жаданне. Ну, і так акуратна гаворым пра тое, што, ну, злоўжываць гасціннасцю таксама не варта, мы вас прынялі, але трэба ўжо і карміць сябе, калі вы людзі здаровыя, умоўна кажучы. І гэта падзейнічала. Нікога не прымушалі, але самі людзі разумеюць, нельга ж сядзець", — расказаў Галоўчанка.

Па яго словах, за апошні месяц на працу ўладкаваліся каля 700 чалавек.

Дарэчы, падчас вострай фазы так званага мігранцкага крызісу на мяжы з Польшчай і Літвой беларускія ўлады проста прадаставілі бежанцам памяшканне і прывозілі ежу, не патрабуючы працаваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі