Украінскія валанцёры расказалі, як у Беларусі іх дапытвалі расійскія вайскоўцы
Украінскія валанцёры расказалі Reuters, як у Беларусі іх дапытвалі расійскія вайскоўцы. Уладзімір Храпун і Юлія Іваннікава-Кацэмон былі вывезеныя з Украіны разам з ваеннапалоннымі. 9 красавіка іх абмянялі і яны вярнуліся на радзіму.
Валанцёры прыехалі ў Дымер у Кіеўскай вобласці, дзе расіяне ўтрымлівалі іх амаль тыдзень у памяшканні без вокнаў на мясцовым прадпрыемстве, каб расказаць пра тыя падзеі журналістам. Храпун — інжынер-электрык, а Іваннікава-Кацэмон — дыспетчар экстраннай дапамогі. На пачатку вайны яны былі валанцёрамі Чырвонага Крыжа і дапамагалі людзям. Расійскія вайскоўцы палічылі, што яны перадавалі ўкраінскім войскам інфармацыю, і затрымалі іх. За гэтыя тыдні іх збівалі, выкарыстоўвалі электрашокер. А пасля на ваенным грузавіку вывезлі ў Беларусь. Увесь гэты час валанцёры лічыліся зніклымі без вестак.
У Беларусі расіяне склалі на кожнага з іх падрабязны дакумент з фотаздымкам. Пра валанцёраў у ім пісалі, як пра асоб, якія "выступалі супраць спецыяльнай ваеннай аперацыі". Юлія Іваннікава-Кацэмон кажа, што яе распраналі дагала, зафіксавалі ўсе шнары, якія былі на яе целе. Яна згадвае абліванне вадой і збіццё.
Пасля ўкраінцаў вывезлі ў Расію. У адным з цэнтраў утрымання Іваннікава-Кацэмон сказалі, што яе чакае праца ў Сібіры. Храпун кажа, што яго шмат разоў дапытвалі: і ва Украіне, і ў Беларусі ды Расіі. Мужчыну ставілі на калені, білі. Ён бачыў, як прыніжалі іншых украінцаў. Праз некалькі тыдняў адбыўся абмен.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.