Уладальніка 766 мільёнаў у Беларусі па-ранейшаму не знайшлі

Калі шчасліўчык не звернецца па іх да 30-га лістапада, ён згубіць 300 мільёнаў. Калі не аб’явіцца праз паўгады — страціць усё У нядзелю, 11-га кастрычніка, “Спортлото 5 з 36” разыграла рэкордны для Беларусі грашовы прыз — 766 955 510 рублёў. Але дагэтуль шчаслівы уладальнік кругленькай сумы па свой выйгрыш не звярнуўся. Пра гэта Еўрарадыё распавялі арганізатары латэрэі, кампанія "Спорт-пары".

Супрацоўніца “Спорт-пары”: "Джэк-пот у нас складаў на момант калі яго разыгралі 466 955 510 і плюс 300 мільёнаў — падарунак ад кампаніі. У нас праходзіла рэкламная гульня. То бок на рукі ён павінен быў атрымаць (і спадзяемся што яшчэ атрымае) 766 955 510 рублёў".

Дакладна вядомы адрас, дзе невядомы зрабіў шчаслівую стаўку, вядома таксама, што яна была зробленая на 98-м тыражы "Спортлато" на 8 гульняў наперад. Менавіта апошняя стаўка, якая удзельнічала ў 105-м тыражы, і прынесла выйгрыш.

Супрацоўніца “Спорт-пары”: “Стаўка была зробленая ў горадзе Брэсце, Гаўрылава 21. Гэта ў нас аддзяленне “Беларусбанку”. Ён зрабіў адразу стаўку на 8 розыграшаў наперад. Першая стаўка ў яго была пастаўлена 16-га верасня”.

Па словах супрацоўніцы "Спорт-пары", у іх упершыню здараецца сітуацыя, калі хтосці не звяртаецца па выйгрыш. Аднак калі шчасліўчык так і не знойдзецца, яго прыз “згарыць”.

Супрацоўніца “Спорт-пары”:
“Сам джэк-пот гулец мае права забраць на працягу паўгады. Калі ён пасля паўгады не забірае гэтыя грошы, то бок ён не з’яўляецца, то джэк-пот адпраўляецца ў бюджэт дзяржавы. А 300 мільёнаў, па правілах рэкламнай гульні, зарэгістраванай ў міністэрстве гандлю, гэтыя грошы чалавек мае права забраць да 30-га лістапада”. 

Як высветлілася, сітуацыя, калі пераможца не забіраў прыз такога памеру, у нашай краіне здараецца ўпершыню.

“Такога быць не можа, у нас з джэк-потамі праблемаў няма”, — сказаў Еўрарадыё здзіўлены супрацоўнік “Беларускіх Латэрэяў”.

Дарэчы, да гэтага самы вялікі джэк-пот у Беларусі складаў 510 мільёнаў рублёў. Яго разыгралі "Беларускія Латэрыі". "Суперлато" разыграла ў сваім тыражы 1 мільярд рублёў, але гэты джэк-пот падзялілі паміж сабою тры гульцы і атрымалі толькі па 333 мільёны рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі