Уладальнікі АЗС просяць урад падняць кошты на бензін

Уладальнікі АЗС просяць урад падняць кошты на бензін

Уладальнікі сямі сетак АЗС звярнуліся ў дзяржорганы з просьбай прыняць тэрміновыя меры па паляпшэні фінансава-эканамічных умоў працы, абмежаваць рост тарыфаў на тавары і паслугі арганізацый з манапольным становішчам. 

Дакумент, як паведамляе tut.by, падпісалі кіраўнікі "Лукойл-Беларусь" (брэнд АЗС "Лукойл"), "РН-Захад" ("Слаўнафта"), "Юнайтэд Компані", "НафтаХімТрэйдынг" ("Трайпл"), "Астотрэйдынг" (А-100), "Газпрамнафта-Белнафтапрадукт" ("Газпрам нафта") і "Татбелнафтапрадукт" ("Татнафта"). Такім чынам, ліст падпісалі ўсе найбуйнейшыя аператары, акрамя падкантрольнай дзяржаве "Беларуснафты".

Уладальнікі АЗС заяўляюць, што са студзеня 2015 года маржынальны прыбытак прадпрыемстваў ад рознічнага гандлю палівам практычна не змяніўся, бо кошты на паліва рэгулююцца "Белнафтахімам". Пры гэтым выдаткі па асноўных артыкулах выраслі. Плата за электрычнасць павысілася на 53%, водазабеспячэнне — 31%, газ для ацяплення — 30%, арэндная плата за зямлю і зямельны падатак — 58-78%, паслугі МУС па ахоўнай дзейнасці — 40%.

Павелічэнне абсалютнага рознічнага кошту на паліва выклікала рост выдаткаў на банкаўскія паслугі (інкасацыю, эквайрынг) на 13%. А рост курсу долара на 68% падняў адпаведна кошты на абсталяванне і камплектуючыя.

Уладальнікі АЗС скардзяцца на сістэмны і працяглы рост выдаткаў пры пастаянным маржынальным прыбытку. Гэта, па іх словах, прывяло да фінансавых стратаў, да спынення новых інвестыцый у бізнэс і зніжэння фінансавання ў асноўныя фонды. Кампаніі кажуць, што вымуўаныя скараць колькасць працоўных месцаў.

Таксама сеткі АЗС наракаюць, што цяперашнія ўмовы прыводзяць да праблем з банкаўскімі крэдытамі і адсутнасць крыніц для індэксацыі заробкаў супрацоўнікаў. А гэта, маўляў, "прыводзіць да росту напружанасці ў працоўных калектывах і адставанню ад мэтавага ўзроўню зарплаты ў 1000 рублёў".

Аўтары ліста падкрэсліваюць, што іх маржынальны прыбытак заўважна ніжэйшы, чым у калег у Расіі, Украіне ды краінах Балтыі.

Нагадаем, што і віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, і кіраўнік канцэрна "Белнафтахім" Ігар Ляшэнка нядаўна казалі пра неабходнасць павысіць кошты на бензін. Сямашка казаў пра 30%, Ляшэнка — пра 24%. Механізм павышэння коштаў, па іх словах, выпрацоўваецца ва ўрадзе. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі