7 лістапада — выхадны дзень, 8 лістапада — працоўны
Улады Беларусі так і не зрабілі пятніцу пасля свята выхадным днём. Аднак на некаторых буйных сталічных прадпрыемствах людзі працаваць не будуць.
Як вядома, 7 лістапада ў Беларусі выхадны дзень. Аднак улады не пайшлі на тое, каб беларусы адпачывалі чатыры дні — ад чацвярга да нядзелі. Яшчэ ў кастрычніку было аб'яўлена, што пераносы не плануюцца, і ў пятніцу, 8 лістапада, будзе працоўны дзень.
Еўрарадыё спраўдзіла ў прэс-сакратаркі прэм'ер-міністра Беларусі Вольгі Доўгай, ці не перагледзяць гэтае рашэнне. Паводле яе слоў, такога не будзе.
Аднак, на сайце дзяржаўнага прадпрыемства "Мінсктранс" паведамляецца, што на шэрагу буйных прамысловых прадпрыемствах Мінска адбыўся перанос працоўнага дня з 8 лістапада на 2 лістапада. У сувязі з гэтым у мінулую суботу быў зменены графік руху сталічнага транспарту. А вось на мінскім заводзе імя Вавілава працоўны дзень з 8 лістапада перанесены на 16 лістапада.
Фота — ria.ru